На нашай планеце, здавалася б, усё ужо вывучана. Неабсяжны свет сціснуўся да некалькіх гадзін на самалёце. Гэта так — і не так. Месцы, куды практычна не ступала нага чалавека, — у літаральным сэнсе ў нас пад нагамі... Сёлета адзінаму ў Беларусі спелеалагічнаму клубу «Геліктыт-ТМ» спаўняецца 50 гадоў. Кіраўнік спелеаклуба і найстарэйшы дзеючы спелеолаг Беларусі Андрэй Сцяпурка расказаў, што рухае людзьмі, якія выбіраюць поўны небяспек спуск у пячоры, што яны шукаюць і што знаходзяць на гэтым шляху.

Абсалютная цемра... Каб адчуць, што гэта такое, зайдзіце ў памяшканне без вокнаў, выключыце святло, ды яшчэ і заплюшчыце вочы. Пры адсутнасці фонавага святла (а на паверхні зямлі нават ноччу не бывае поўнай цемры — заўсёды ёсць зоркі, месяц, агні гарадоў), розум спачатку малюе неверагодныя вобразы. Вопытныя спелеолагі, якія праводзяць у вечнай ночы пячор значную частку жыцця, умеюць адрозніваць адценні суцэльнай цемры. Вочы прывыкаюць, і паступова ты вучышся бачыць наноў.

— У спелеолагаў ёсць «прафесійная фішка», такі, ведаеце, пункцік — гэта ліхтарыкі, — кажа суразмоўца. — У тых, хто даўно ходзіць у пячоры, ліхтарык заўсёды з сабой. І не адзін. У мяне ліхтарыкі ўсюды: на ключах, у заплечніку, дома ліхтарыкаў шмат. Гэта нагода для жартаў, але гэта так.

«Бярозавыя спелеолагі»

— Клуб «Гелектыт-ТМ» прыдумалі студэнты БПІ і РТІ ў далёкім 1971 годзе. А я прыйшоў у клуб у 1984-м. Прафесійна займаўся плаваннем, але з вялікім спортам не атрымалася...

Тыя, для каго спелеалогія — хобі, хутка сыходзяць з клуба, кажа Андрэй Сцяпурка. Для тых, хто застаецца, гэта ўжо хвароба...

— У сувязі з ковідам больш за год нікуды не выязджалі. І ў нас ужо сапраўдная ломка. Сёлета на майскія святы наша экспедыцыя едзе ў Крым — там тры плато і каля тысячы пячор.

Наогул, спелеалогія — забава экстрэмальная: пячоры — варожае чалавеку асяроддзе. Але мінскі клуб адзін з самых бяспечных: за паўстагоддзя існавання толькі адзін няшчасны выпадак са смяротным зыходам. У 1982 годзе чалавек упаў у падземны калодзеж, выратаваць яго не паспелі. Пасля гэтага секцыю забаранілі ва ўсіх ВНУ. І да 1999 года беларуская спелеалогія існавала практычна нелегальна. Склад абсталявання і экіпіроўкі быў дома ў кіраўніка, збіраўся клуб дзе прыйдзецца: пастаяннага памяшкання не было. Цяпер у клуба ёсць трэніровачная база ў Мінску і выязная база ў Раўбічах.

— Пячор там няма, але ёсць бярозы. Нас нават у жарт называюць «бярозавымі спелеологамі».

Кіраўнік клуба кажа, што бяспека дасягаецца трэніроўкамі — пачаткоўцы трапляюць у пячоры толькі пасля паўгода вучобы. На бярозах адпрацоўваецца спелеакрок, уменне спускацца ў вузкія лазы і выбірацца з іх, варыянты навескі, а таксама нестандартныя сітуацыі, што могуць узнікнуць у пячоры.

  • — Навошта важдацца з пачаткоўцамі? Справа ў тым, што спелеалогія — гэта камандны «від спорту». Я тлумачу ўсім, каго вучу: хочаце хадзіць у пячоры — вучыце наступных. Ад ведаў і ўменняў таго, хто побач, залежыць твая бяспека.

У пячору спускаецца мінімум «двойка», а самы аптымальны склад — тры чалавекі. І тут важная псіхалагічная сумяшчальнасць. Якія б ні паўсталі рознагалоссі, трэба шукаць кампрамісы і бясспрэчна згаджацца з рашэннем кіраўніка.

— Напэўна, таму ў нас часта ўтвараюцца «спелеапары» і «спелеасем'і». За апошнія гады — 12 пар.І я ўжо адчуваю сябе пастарам або бацюшкам, — усміхаецца Андрэй Пятровіч. — Традыцыйна 1 красавіка мы праводзім у Раўбічах міжнародныя спаборніцтвы, а пасля — «спелеавяселлі».

Што можна знайсці ў пячоры? Суразмоўца кажа, што ў першую чаргу — добрую кампанію: блізкіх па духу людзей.

— Калі ты двое сутак сядзіш з чалавекам пад зямлёй і табе няма куды выйсці, няма каму патэлефанаваць ці напісаць (пячоры — «глухая зона», мабільная сувязь адсутнічае, інтэрнэту няма), нават інтраверты пачынаюць расказваць пра сябе і слухаць суразмоўцу. Пячоры настройваюць на шчырасць — часам людзі расказваюць напарніку тое, пра што не казалі нават самым блізкім.

Спелеалогія вучыць таму, чаго не ўмее сучасны чалавек: эмпатыі, цікавасці да думак і пачуццяў іншага, уменню ладзіць з людзьмі. Адзіночкі ў спелеаклубе не прыжываюцца.

Ану, дзяўчаты!

Далёка не ўсе, хто прайшоў стандартную праграму навучання, будуць спускацца пад зямлю. Аднаму не дазваляе здароўе, іншы разумее, што не гатовы псіхалагічна. Але ўсё роўна ў пячоры працуе каманда.

  • — У нас кожны можа знайсці справу па душы. Камусьці падабаецца рабіць навеску, вырашаючы, як і дзе павінна прайсці вяроўка па пячоры, каб было зручна і яна не перацерлася. Камусьці па душы складаць карту. Ёсць «каманда ўтульнасці» — тыя, хто застаецца ў лагеры наверсе і забяспечвае жыццядзейнасць экспедыцыі. Калі ў падземны лагер спускаюць чарговую порцыю рыштунку, хлопцы і дзяўчаты радуюцца, калі для іх там клапатліва прыхавалі «смачнасці».

Штогод у клуб прыходзіць 30—40 чалавек пачаткоўцаў. У апошнія гады стандартны набор — каля 50 % (а то і больш) жанчын.

Бяруць у клуб усіх. Дасведчаныя спелеолагі ведаюць: калі гэта «не ваша», вы пойдзеце яшчэ на этапе трэніровак.

— Калі вы не гатовыя маральна або фізічна, але хочаце ўдзельнічаць — калі ласка, усе нашы выезды і тусоўкі — для вас. Але ўніз лезці не трэба. Наверсе таксама цікава — правесці адпачынак у гарах, пазагараць на вышыні 2000 метраў.

Абсалютныя супрацьпаказанні — толькі па здароўі: скаліёз і сардэчна-сасудзістыя захворванні. Каб займацца спелеалогіяй, не патрэбны нейкія асаблівыя даныя. Патрэбна толькі рашучасць пашырыць рамкі сваёй «зоны камфорту».

24-14_kopiya_7.jpg

Праца спелеолага

— Калі адбываецца набор, я заўсёды кажу пачаткоўцам: вы не па экстрым сюды прыйшлі. Экстрым — гэта не да нас. Спелеалогія — гэта ў першую чаргу праца. У нас так і кажуць: працаваць пад зямлёй.

Праца спелеолага — не проста спусціцца туды, дзе да цябе ніхто (ну, ці амаль ніхто) не бываў. Гэта яшчэ і зрабіць тапаграфічныя здымкі пячоры для тых, хто пойдзе следам. Тэктанічныя разломы могуць быць забіты глінай, завалены абломкамі пароды. І тады свой шлях даводзіцца літаральна прасякаць — зубілам, долатам, перфаратарам.

— Такі вось «адпачынак» з кувалдай у руцэ. Адзін мой таварыш пасля такога адпачынку сказаў, калі мы падняліся на паверхню з глыбіні 600 метраў: «Усё, адпачыў. Хачу на працу!»

Аптымальны час, які праводзіць спелеолаг пад зямлёй, — 10—12 гадзін. Зрэшты, вопытныя спелеолагі абыходзяцца без дзённага святла значна даўжэй: напрыклад, сам Андрэй Сцяпурка неяк прабыў у пячоры амаль два тыдні.

  • — Вядома, экстрым у спелеалогіі ёсць. Адрэналін зашкальвае, асабліва першыя разы. Мне да гэтага часу бывае страшна. І гэта нармальна: чалавек павінен баяцца. Пячоры — не яго асяроддзе. Цёмна, холадна, стапрацэнтная вільготнасць...

Дык навошта ж людзі па сваёй волі лезуць пад зямлю? Спелеолагі кажуць, што, спускаючыся ў пячору, яны вучацца бачыць і чуць тое, што на самай справе адбываецца вакол, адрозніваць уяўныя страхі ад рэальнай небяспекі, правяраць сваю волю і магчымасці. Пасля такога падарожжа яны вяртаюцца ў рэальны свет, і многія праблемы здаюцца ўжо не такімі непад'ёмнымі, як да спуску ў пячору.

— Да здаровага ладу жыцця спелеалогія не мае дачынення. Гэта толькі адносна здаровы лад жыцця. Так, у экспедыцыях «сухі закон», хоць літр спірту для медыцынскіх мэт у мяне як у кіраўніка заўсёды з сабой. Але наогул, свайму захапленню ты аддаеш сілы, час, немалыя сродкі і здароўе. Цягаць цяжар шкодна, асабліва дзяўчатам. А спелеалогія немагчымая без цяжкіх заплечнікаў. Кожны нясе на сабе экіпіроўку, запас ежы (гэта кілаграм 25), плюс на ўсіх раскідваецца неабходнае групе абсталяванне, крукі, газавыя гарэлкі, тэлефонныя дроты — гэта яшчэ кілаграмаў 10—15. Многія дзяўчаты, якія пачыналі са мной (цяпер яны ўжо бабулі), зарабілі сабе сур'ёзныя праблемы з пазваночнікам. Праўда, зрок у пячорах аднаўляецца, гэта факт...

Зрэшты, цяжар групе даводзіцца насіць толькі «на закідзе» і вяртаючыся дадому. Як правіла, спелеолагі спускаюцца ў пячору і разбіваюць лагер, такі ж, як на паверхні: калі экспедыцыя плануецца на некалькі тыдняў, бегаць уверх-уніз няма сэнсу (стандартная хуткасць хаджэння па вертыкальнай паверхні — 1 м у хвіліну). А потым з гэтага лагера «двойкі» і «тройкі» адпраўляюцца ўглыб пячоры.

Колькі гэта каштуе?

Занятак спелеалогіяй — захапленне не з танных.

— Любы турызм у нашы дні — забаўка для багатых. Каб толькі апрануць сябе, спелеолагу неабходна больш за 1000 у. а. Напрыклад: метр спецыяльнай вяроўкі каштуе два долары, а спелеолагу патрэбна вяроўка мінімум 1200 метраў пры глыбіні пячоры ў 700 м. Плюс дарога да пячоры, транспарт, ежа.

А пячоры, як правіла, знаходзяцца ў такіх месцах, куды прамым рэйсам не дабярэшся. Беларускія спелеолагі спускаліся ў пячоры па ўсім свеце, але часцей за ўсё ездзяць на Каўказ і ва Украіну.

— У Абхазіі спелеолагі могуць працаваць толькі ў жніўні. Да гэтага снег не сышоў, пасля — ужо выпаў. Пячоры размешчаны на вышыні 2200 м над узроўнем мора. Можна было б выязджаць у лютым, але зімой дабрацца да гэтых пячор атрымліваецца толькі на верталёце (вышыня снежнага покрыва — у сярэднім тры метры), а гэта дорага і небяспечна (неяк зімой там упаў верталёт з камандай спелеолагаў). Ды і няма ў клуба такіх грошай.

  • Беларускія спелеолагі спускаліся ў пячоры, размешчаныя на глыбіні ад 10 да 7000 метраў. Пячоры бываюць вертыкальныя — туды можна спусціцца з дапамогай спецыяльнага рыштунку па вяроўцы — і гарызантальныя — у іх можна трапіць пешшу, паўзком або распіраючыся рукамі і нагамі ў расколіне. Прыклад гарызантальнай пячоры — Аптымістычная (Украіна), яе працягласць больш за 270 км. Вертыкальныя пячоры, напрыклад, знаходзяцца на плато Чатыр-Даг (Крым) і Арабіка (заходні Каўказ). Бываюць таксама змешаныя (дыяганальныя) пячоры — напрыклад, Варанцоўская сістэма (Краснадарскі край). Бываюць пячоры, часткова запоўненыя вадой: каб рухацца далей, трэба паднырнуць пад выступ скалы, праплысці пад вадой часам два метры, а часам і значна больш.

— Але спелеадайверы — гэта адмысловая каста, вельмі падрыхтаваныя людзі, — расказвае суразмоўца.

Некаторыя любяць гарызантальныя пячоры — ты адчуваеш апору пад нагамі. Андрэй Сцяпурка кажа, што яму па душы сімбіёз гарызанталі з вертыкаллю.

— Па вяроўцы хадзіць цікавей. Але часам хочацца і ўстаць у поўны рост. Ёсць на плато Арабіка пячоры, дзе можна сустрэць залу памерам са стадыён «Дынама». А бывае — паўзеш па вузкім нахільным тунэлі метраў 400, а потым у якасці ўзнагароды — вузкая пляцоўка, дзе два чалавекі могуць выпрастаць спіну і трохі перадыхнуць.

Украінская, беларуская або расійская пячора не абавязкова размешчана на тэрыторыі гэтых краін. Яна можа быць у любым пункце свету.

— Ёсць у спелеолагаў такое правіла: калі нейкі клуб знаходзіць пячору, яна «належыць» гэтаму клубу. І іншыя клубы, калі хочуць у яе спусціцца, павінны спытаць дазволу ў «гаспадароў». Такая вось этыка.

У Беларусі толькі адна пячора ўяўляе цікавасць для спелеолагаў.

— Дзе яна размешчана, казаць не буду: пячора па-сапраўднаму небяспечная. Гэта пясшчанік, і там пастаянна адбываюцца апоўзні і абвалы. Ёсць блогеры, якія спускаюцца туды, вядуць здымку. Адзін нават хацеў арганізоўваць маршруты: маўляў, давайце ўсе пойдзем! Добра, што гэты пост выпадкова трапіўся мне на вочы. Я напісаў яму ў досыць рэзкай форме: маўляў, загубіш сябе, людзей і пячору. На шчасце, ён прыслухаўся і пакінуў гэтую задуму.

Пячорная містыка

Спелеолагі кажуць, што пячоры — гэта жывы арганізм. Гук у пячоры распаўсюджваецца не так, як на паверхні. Ты можаш чуць шум вадаспаду, а, дабраўшыся да яго, бачыш маленькі ручаёк, і наадварот. У падзенні кропель чуюцца галасы — так і нараджаюцца легенды.

Варыяцый легенды пра Белага Спелеолага некалькі, і ўсе яны трагічныя. Спусціліся тры прыяцелі ў пячору і знайшлі там скарб. Вылезлі двое наверх, вяроўку са скарбам паднялі, а трэці ўнізе заставаўся, мяшкі са скарбам да вяроўкі прывязваў. Адвязалі два прыяцелі мяшкі ад вяроўкі, пачалі яе ўніз спускаць, ды выпусцілі. Пасядзелі яны над уваходам у пячору, падумалі і зразумелі: без старонняй дапамогі ім свайго сябра з пячоры не вызваліць. А як на дапамогу клікаць, калі багацце рукі паліць? Ды і на дваіх дзяліць — не на траіх... Іншы варыянт — некалі спусціліся ў пячору два хлопцы і дзяўчына, у якую абодва былі закаханыя. У барацьбе за яе каханне адзін хлопец скінуў іншага ў прорву. Таму спаць у падземным лагеры можна толькі галавой да ўвахода ў палатку — Белы Спелеолаг шукае здрадніка-сябра па ботах (менавіта іх ён бачыў апошнімі, падаючы ў прорву). І можа зблытаць...

  • — На самай справе, гэта проста спецыфіка жыцця пад зямлёй: па-першае, так лепшы прыток кіслароду, па-другое, хутчэй зможаш выскачыць з палаткі, калі нешта здарыцца.

Легенды легендамі, але ўсе, хто не раз бываў у пячорах, сцвярджаюць, што пячоры трэба паважаць. Нельга нічога выносіць з пячоры, нават каменьчык, і нельга нічога пакідаць з прынесенага з сабой, нават фанціка ад цукеркі. Зрэшты, Белы Спелеолаг не пакрыўдзіцца, калі група пакіне ў пячоры згорнуты лагер і запас кансерваў для тых, хто прыйдзе следам — няважна, праз год ці праз дзесяць.

— У нас прынята пакідаць ежу, — кажа Андрэй Сцяпурка. — У Францыі спелеолагі пакідаюць наступнай групе віно.

Калі раптам ты заблудзіўся, то Белы Спелеолаг можа забраць цябе да сябе назаўжды, таму лепш не блукаць у адзіночку, а проста сядзець і чакаць дапамогі. А калі ты шукаеш зніклага сябра, то прывід абавязкова пакажа табе дарогу да яго. Лічыцца, што ў Белага Спелеолага абедзве рукі правыя і доўгія валасы. Цікава, што ў пячорах часта бясследна губляюцца расчоскі і толькі правыя пальчаткі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ