Гэтым разам вырашылі адшукаць не проста цікавыя месцы на Гродзеншчыне, але постаці, якія за імі стаяць. Прычым, не проста стаіць, але фарміруюць уяўленне і наўпрост звязаныя з гісторыяй рэгіёна. Наша зямля ў цэлым багатая на вядомых, магутных асоб, якія адыгралі важную ролю не толькі ў краіне, але і ў сусветным супольніцтве.

Мы назвалі пяць вядомых імёнаў, а разам з імі пяць самых цікавых месцаў у Гродзенскім рэгіёне, дзе гэтыя людзі жылі, працавалі, тварылі, натхняліся і праяўлялі настойлівасць. Не здзіўляйцеся, усе яны — мужчыны. Гэткі своеасаблівы падарунак прыгожай палове чалавецтва перад 8 Сакавіка.


Стэфан Баторый і Стары замак

Чалавек, імя якога непасрэдна звязана з горадам Гродна. Стэфан Баторый — гэта кароль польскі і вялікі князь літоўскі, які тут стварыў новую каралеўскую рэзідэнцыю, аддаўшы пад рэканструкцыю Стары замак.

Само магутнае збудаванне размяшчаецца на месцы Гродзенскага дзядзінца і знаходзіцца на рэстаўрацыі. Зусім нядаўна там адкрылася для наведвання першая чарга, дзе можна бліжэй пазнаёміцца з унікальнымі артэфактамі эпохі Баторыя або паглядзець на прыгожы старажытны горад з агляднай пляцоўкі над уваходнай брамай і вежай «цыбулінкай». Кажуць, з гэтай кропкі адкрываецца надзвычайны від на Нёман.

Адам Міцкевіч і дом-музей у Навагрудку

Гродзенская зямля багатая на вядомых літаратараў, якія нараджаліся тут і працягвалі свой творчы шлях. Так немагчыма ўявіць Наваградчыну без гучнага імя аднаго з самых рамантычных паэтаў Беларусі — Адама Міцкевіча, які нарадзіўся недалека ад раённага цэнтра, на хутары Завоссе.

У горадзе ў першым будынку па вуліцы Леніна размяшчаецца цэлы дом-музей беларуска-польскага літаратара. Каштоўнасць уяўляе як сама экспазіцыя, так і ўся шляхецкая сядзіба пачатку XIX стагоддзя з асобнымі домам і флігелем, а таксама калодзежам, клеццю і альтанкай. У цокальных памяшканнях музея і падземным пераходзе, які злучае дом з флігелем, праводзяцца выставы.

Міхаіл Клеафас Агінскі і музей-сядзіба ў Залессі 

«Паланэз Агінскага» — для беларуса гэта адно з самых вядомых спалучэнняў слоў. Маецца на ўвазе знакаміты музычны твор «Развітанне з Радзімай», які аднойчы нават мог стаць гімнам краіны. Яго аўтарам з’яўляецца кампазітар Міхаіл Клеафас Агінскі.

Сядзіба ў аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна была адрэстаўраваная у 2015 годзе — да 250-годдзя з дня нараджэння кампазітара. Тут аўтар паланэза жыў і тварыў каля дваццаці гадоў. Сёння ў «Паўночных Афінах» можна прагуляцца па цяністых алеях пейзажнага парку, нетаропка выпіць філіжаначку кавы ў летняй аранжарэі і, вядома ж, паслухаць пранікнёны паланэз ля мінор.

Насель Пупко і Лідскі завод 

Вядомы ў вузкіх колах лідскі мешчанін Насель Зеліковіч Пупко пабудаваў піўны завод на ўласным участку. Праз сотню з лішнім гадоў з яго атрымаецца вялікі і знакаміты на ўсю краіну піўны завод «Лідскае». Аднак, да гэтага прадпрыемства Пупко чакае доўгі шлях перабудоў і пашырэнняў.

Цікава, што ў 1876 годзе завод лідчаніна будзе толькі трэцім броварам горада, жорстка канкурыруючы з такімі ж прадпрыемствамі, якія неўзабаве пачнуць знікаць. Аднак, кампанія Носеля перажыве рэвалюцыі і войны. Калі з пандэміяй будзе скончана, абавязкова с’ездзіце на завод на экскурсію, якая ўваходзіць у праграму вытворчага турызму Гродзеншчыны.

Давыд Гарадзенскі і Барысаглебская (Каложская) царква

Адна з самых дзіўных гарадскіх легенд абвяшчае, што каля сцен царквы святых Барыса і Глеба пахаваны вядомы палкаводзец Давыд Гарадзенскі. Гэты чалавек быў адным з галоўных ваеначальнікаў вялікага князя літоўскага Гедыміна і займаў пасаду старасты Гарадзенскага замка. Вядома, што Давыд не пацярпеў ні аднаго паражэння ў бітвах з крыжакамі.

Каложа, як кажуць гарадзенцы, не патрабуе асабістай прэзентацыі. Гэта царква з’яўляецца адным з найстарэйшых захававаных храмаў Старажытнай Русі. Яна — унікальны помнік чарнарускага дойлідства і сэрца Гарадзеншчыны. Дакладная дата ўзвядзення храма не ўстаноўлена, лічыцца, што царква была пабудавана ў XII стагоддзі. Каложа неаднаразова разбуралася падчас войнаў, але найбольшы ўрон нанеслі ёй апоўзні. Нядаўна царкву адрэстаўравалі, а бераг Нёмана ўмацавалі. Разам з комплексам помнікаў Замкавай гары храм з’яўляецца гісторыка-архітэктурным запаведнікам і вылучаны як кандыдат на занясенне ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Аліса СКІБА.
Фота з адкрытых крыніц.