«Салодкі» турызм: экскурсіі на кандытарскія прадпрыемствы Беларусі

Вы ведаеце, як вырабляюць шакалад, які водар стаіць у цэху па вытворчасці печыва, як вырабляюць цукеркі, і які смак у толькі прыгатаваных вафель? Беларуская кандытарская прадукцыя вядома далёка за межамі краіны, а прамысловы кандытарскі турызм у Беларусі паступова развіваецца. Даведацца, якія сакрэты ўтойваюць за сваімі сценамі беларускія кандытарскія прадпрыемствы можна, наведаўшы іх у рамках экскурсій. Аднак не ўсе яны пакуль гатовы адкрыць свае дзверы для наведвальнікаў. А на тых прадпрыемствах, дзе дазволены экскурсіі, яны прапануюцца для арганізаваных груп (пераважна дзіцячых) па папярэднім запісу. Таму, каб трапіць на такую экскурсію, лепш планаваць яе з дапамогай турыстычных кампаній.

ф 

Кандытарская фабрыка «Камунарка»

Мінск, вул. Аранская, 18

Флагман беларускай кандытарскай індустрыі, фабрыка «Камунарка» выпускае амаль 25 тысяч тон ласункаў у год. Гэта не толькі знаёмыя ўсім з дзяцінства цукеркі «Грыльяж», «Чырвоная шапачка», «Птушынае малако» і «Сталічныя», але яшчэ больш за 200 найменняў салодкіх вырабаў. Гісторыя мінскай «Камунаркі» пачалася ў далёкім 1905 годзе. Для падрыхтоўкі сваіх знакамітых прысмакаў на фабрыцы выкарыстоўваюцца толькі натуральныя какава-бабы, апрацоўка якіх робіцца тут жа. З тых часоў прадукцыя знакамітага брэнда стала любімай далёка за межамі краіны. Азнаёміцца з тым, як вырабляюцца цукеркі і шакалад, убачыць маштабы вытворчасці, паспрабаваць прысмакі і атрымаць падарунак можна на экскурсіі. Нажаль, дарослых сюды пакуль не пускаюць: экскурсіі праводзяцца для дзяцей 3-11 класаў. Пакуль яны спасцігаюць таямніцы салодкай вытворчасці, дарослыя могуць атрымаць асалоду ад разнастайнасці фабрычнай прадукцыі ў фірменным бары.

ф

Фота

Кандытарская фабрыка «Слодыч»

Мінск, вул. Радыяльная, 54/2

Прадукцыю фабрыкі «Слодыч» можна знайсці ў 90% беларускіх гандлёвых кропак. Можна з упэўненасцю сказаць, што яе печыва — самае любімае ў краіне. На фабрыцы вырабляюць 15 тысяч тон печыва ў год: цукровае і здобнае, зацяжное і глазураванае, крэкеры і дыябетычнае. Сваёй візітнай карткай фабрыка лічыць печыва «Беларускі гасцінец», якое выпускаецца з 1950-х гадоў. Таксама папулярна хрусткае сырнае печыва «Да падвячорка», якое выпускаецца з сярэдзіны 1970-х гадоў. Усяго ж фабрыка прапануе больш за 100 найменняў разнастайнага печыва. Паглыбіцца ў чароўны свет стварэння печыва, пазнаёміцца з працэсам яго вырабу ад замесу цеста да фасоўкі, прадэгуставаць і атрымаць смачны і карысны падарунак можна на экскурсіях па прадпрыемстве, якія арганізоўваюцца як для дзяцей, так і для дарослых.

ф

Фота

Барысаўская фабрыка марожанага і глазураваных сыркоў

Мінская вобл., г. Барысаў, вул. Будаўнікоў, 26

Невялікі горад Барысаў знакаміты не толькі сваімі аўтамабілямі і музычнымі інструментамі. Акрамя ўсяго іншага тут знаходзіцца фабрыка па вытворчасці марожанага і глазураваных сыркоў. Яна невялікая па памерах, аднак вырабляе салодкія прысмакі не толькі для беларусаў, але і на экспарт.

Пазнаёміцца з тонкасцямі вытворчасці любімых з дзяцінства ласункаў можна на экскурсіі па фабрыцы, якую пакуль арганізуюць толькі для дзяцей. На ёй маленькія наведвальнікі могуць убачыць увесь працэс падрыхтоўкі глазураваных сыркоў ад замесу тварожнай масы да гатовага прадукту, а таксама паназіраць за расфасоўкай і ўпакоўкай марожанага і паспрабаваць прадукцыю, якая толькі прыгатавалася.