Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. У гэты час праходзяць круглыя сталы, выстаўкі, семінары, асноўная мэта якіх — паказаць, які багаты патэнцыял маецца для развіцця гэтага кірунку.


Сёння рэлігійны турызм аб’ядноўвае як звычайных падарожнікаў, так і паломнікаў. Колькасць паломніцкіх службаў, якія арганізоўваюць вандроўкі да святынь, расце, да таго ж і цікавасць у вернікаў да падарожжаў з духоўным зместам надзвычай вялікая.

На наступны год прыпадаюць знакавыя даты: 900 гадоў спаўняецца найстарэйшаму жаночаму Спаса-Ефрасіннеўскаму манастыру ў Полацку і 800 гадоў найстарэйшаму з дзеючых Лаўрышаўскаму мужчынскаму манастыру. Каталікі будуць адзначаць стагоддзе Пінскай епархіі. Безумоўна, гэтыя юбілеі не застануцца без увагі як вернікаў, так і турыстаў.

Манастыры, крыніцы і... спорт

Старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы, протаіерэй Павел Сярдзюк заўважыў, што паломніцтва дапамагае наладжваць камунікацыю з людзьмі, якія хочуць больш даведацца пра рэлігію, абрадавыя богаслужэбныя дзеянні. Многія з іх едуць у абіцелі не толькі, каб паглядзець на архітэктуру, але і па падтрымку, часам яны нават параўноўваюць храмы з месцамі сілы, дзе можна супакоіцца, натхніцца, атрымаць тыя духоўныя рэсурсы, якіх так не хапае ў паўсядзённым жыцці. Павел Сярдзюк упэўнены, што турызм — добрая магчымасць для ўмацавання сям’і. У наш час, калі людзі адасоблены, калі члены сям’і могуць збірацца разам толькі на кароткі час паміж вячэрай і сном, турызм дазваляе ліквідаваць такі дэфіцыт у зносінах. Сумесныя вандроўкі даюць магчымасць стварыць прастору агульнага знаходжання.

Рэлігійны турызм дазваляе прывіваць сямейныя і грамадскія каштоўнасці, а таксама пазнаваць гісторыю радзімы, свайго роду. З даўніх часоў храмы былі не толькі архітэктурнымі аб’ектамі, цэнтрамі духоўнага жыцця, але і культурна-асветніцкімі ўстановамі. Пра ўсё гэта, а таксама пра тое, які ўплыў розныя канфесіі аказвалі на жыццё краю, якія падзеі адбываліся ў тых мясцінах, дзе знаходзяцца храмы, можна даведацца ў тым ліку і дзякуючы рэлігійнаму турызму.

Напрыклад, на тэрыторыі Свята-Відзенскага жаночага манастыра, які знаходзіцца ў вёсцы Богушы на Смаргоншчыне, можна пачуць гісторыю пра жаночы «батальён смерці»: у гады Першай сусветнай вайны тут праходзіла лінія фронту, і сюды быў накіраваны першы жаночы батальён прапаршчыка Марыі Бачкаровай.

Сёння пры многіх храмах створаны музеі, па тэрыторыі праводзяцца цікавыя экскурсіі, падчас некаторых з іх можна ўзняцца на званіцу, адкуль убачыць прыгожыя краявіды, як, напрыклад, у Глыбокім. А яшчэ гэта выдатная магчымасць даведацца пра цудатворныя абразы, наталіцца вадой з жаватворных крыніц, наведаць манастырскія лаўкі, заказаць службу. Можна пагуляць па Эдэмскім садзе, які створаны пры Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры. А чаму не далучыцца да фэстаў, якія праводзяцца пры храмах? Напрыклад, да фестывалю на Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадзе.

Спаса-Ефрасіннеўскі храм валодае найвялікшай па захаванасці плошчай сярэднявечных фрэсак, у чым ёсць і заслуга сучаснікаў — у выніку супрацы дзяржавы, Царквы, культурнай супольнасці, рэстаўратараў.

Праваслаўная царква актыўна супрацоўнічае з дзяржавай і далучаецца да разнастайных сацыяльных, культурных, дабрачынных праектаў, нават падтрымлівае актыўны лад жыцця. Так, у верасні ў Ніжнім Ноўгарадзе прайшлі Другія патрыяршыя спартыўныя гульні ў гонар святога Аляксандра Неўскага, у якіх узяла ўдзел каманда з Беларусі. У будучыні айцец Павел спадзяецца, што такія мерапрыемствы будуць праходзіць і ў Беларусі. Ды і вандроўкі па святых мясцінах сёння могуць праводзіцца з улікам спартыўных запатрабаванняў — на веласіпедах, на байдарках.

Будслаўскі фэст і арган у кірсе

Як заўважыў прэс-сакратар Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы, ксёндз Юрый Санько, сёння не толькі ў епархіі, але і ў многіх прыходаў ёсць свае рэсурсы, дзе асвятляюцца падзеі, размяшчаецца інфармацыя пра мерапрыемствы, на якія запрашаюцца як прыхаджане, так і ўсе ахвотныя. Паломніцкія групы ездзяць да святынь, якія знаходзяцца ў розных кутках Беларусі. Такія вандроўкі прывязаны да штогадовых рэлігійных свят, напрыклад, ушанавання знакамітых абразоў.

Адным з самых запатрабаваных у паломнікаў стаў Будслаўскі фэст, сюды прыязджае каля 30 тысяч чалавек з розных краін свету. Сярод гасцей не толькі вернікі, але і людзі, якім цікава адчуць атмасферу рэлігійнага свята. Ёсць у рэлігійнага турызму і асаблівы сэнс: і паломніцтва, і простыя экскурсіі могуць мяняць людзей, быць шляхам да храма, да веры. У той жа час для вернікаў рэлігійны турызм — выдатная магчымасць пазнаёміцца з аб’ектамі гісторыі, наведаць музеі, палацы, мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

Адзіны дзеючы лютэранскі храм знаходзіцца ў Гродне. Уладзімір Татарнікаў, які з’яўляецца яго пастарам, заўважыў, што сёння дзяржавай створаны ўсе ўмовы для развіцця рэлігійнага турызму (дарогі, інфраструктура, бязвізавы рэжым), дзякуючы чаму ў Гродна прыязджае вялікая колькасць як «унутраных», так і замежных турыстаў. Лютэранская кірха супрацоўнічае з турыстычнымі фірмамі, яна вельмі запатрабавана ў падарожнікаў. Тут гасцям прапаноўваюць не толькі экскурсію, але і паслухаць арган.

Рэлігійны турызм можа садзейнічаць такой добрай справе, як аднаўленне, рэканструкцыя, развіццё храмаў. Турысты могуць пакінуць ахвяраванні, грошы на трэбы альбо далучыцца да валанцёраў, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Пра тое, што сучаснікі адчуваюць, наколькі важна захаванне святынь, можа сведчыць тое, якая колькасць людзей адгукнулася і гатова была дапамагчы пасля пажару ў Будславе.

Мячэці і мацэвы

Старшыня Савета імамаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Радкевіч заўважыў, што хоць мусульманская канфесія ў Беларусі і невялікая, але яна з’яўляецца адной з традыцыйных. Сёння ў краіне сярод аб’ектаў, якія прыцягваюць увагу турыстаў, шэсць мячэцяў. Экскурсіі да іх, знаёмства з беларускімі мусульманамі дапамагаюць убачыць у тым ліку і тое, якім быў іх унёсак у культурнае і сацыяльнае жыццё. Знаёмства з асаблівасцю і разнастайнасцю рэлігійнага жыцця Беларусі выклікае цікавасць у шматлікіх турыстаў з Расіі. Прычым як праваслаўных, так і мусульман. Напрыклад, сёння ў Башкартастане працуе праграма для пажылых людзей, у рамках якой яны наведваюць Беларусь, і ў такія вандроўкі імкнуцца ў тым ліку зайсці ў мячэці.

Адной з самых запатрабаваных стала Мінская саборная мячэць, куды прыязджаюць як турыстычныя групы, так і замежныя дэлегацыі. «Гэта працуе на рэпутацыю і краіны, і мусульман як часткі беларускага народа», — заўважыў Дзмітрый Радкевіч. Ён упэўнены, што рэлігійны турызм дазваляе ліквідаваць скажоныя ўяўленні пра мусульман Беларусі, адкрываць наш каштоўны гістарычны вопыт. Турыстам ён параіў наведаць Смілавічы, вядомыя не толькі як месца, дзе жылі татары, але і нарадзіліся знакамітыя мастакі Хаім Суцін і Шрага Царфін, дзе натхняўся кампазітар Станіслаў Манюшка, і тут створаны музеі, ім прысвечаныя. Таксама варта заехаць у Іўе — унікальнае мястэчка, дзе можна даведацца пра добрасуседства прадстаўнікоў розных канфесій: праваслаўных, каталікоў, мусульман, іўдзеяў.

Заслугоўваюць увагі Лоўчыцы, побач з Навагрудкам, дзе захаваліся мусульманскія могілкі, тут ёсць і магіла аднаго з мясцовых святых. Наогул, мусульманскія могілкі, — а іх у Беларусі больш за 30 — маглі б таксама быць цудоўнымі аб’ектамі рэлігійнага турызму.

«Іўдзейская рэлігія — адна з самых старых на тэрыторыі Беларусі. Першае пасяленне вядома з ХІІІ стагоддзя. Пацвярджэннем таму — даты на магільных камянях — мацэвах», — заўважыў старшыня Аб’яднання іўдзейскіх рэлігійных абшчын у Беларусі Уладзімір Татарнікаў. У розных мястэчках было шмат кампактных пасяленняў яўрэяў — штэтлаў. У цэнтры іх размяшчаліся сінагогі, рынкі, на якія яўрэі прывозілі ў тым ліку нетыповыя тавары. Сярод яўрэйскага насельніцтва было многа рамеснікаў, гэта маглі быць шаўцы, кавалі, пекары. Да Вялікай Айчыннай вайны насельніцтва штэтлаў расло... Усё змяніла вайна. У расповедах пра яе можна згадваць не толькі пра гета, масавыя забойствы, але і пра гераічную абарону, былі нават асобныя яўрэйскія партызанскія атрады. Вядома, расповеды пра гэтыя старонкі гісторыі могуць гучаць падчас экскурсій. Але сёння аматары рэлігійнага турызму могуць даведацца і пра традыцыі яўрэяў, іх культуру, кухню. Як, напрыклад, падчас наведвання сінагогі ў Бабруйску, равін якой Шаўль Хабаба зрабіў гэта мястэчка адным з самых вядомых у турыстаў нават з далёкага замежжа. Падчас экскурсій тут частуюць традыцыйнымі яўрэйскімі стравамі, праводзяць майстар-класы. Запатрабаваны ў рэлігійным турызме сёння сінагогі ў Гродне, Віцебску, Полацку, Брэсце, Валожыне. Апошняя хоць і знаходзіцца ў разбураным стане, уражвае сваёй архітэктурай, ляпнінай. Ужо знайшоўся спонсар, які возьмецца за яе аднаўленне.

Адрозніць турыстаў ад паломнікаў

Намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя звярнуў увагу на адметнасць Беларусі, на яе шматнацыянальнасць і шматканфесійнасць: «Культавыя помнікі ў сваёй сукупнасці матэрыяльна паказваюць такую адрозную рысу беларусаў, як талерантнасць». Рэлігійны турызм паказвае замежнаму падарожніку, што ў Беларусі спрадвеку прадстаўнікі розных канфесій жывуць у міры і згодзе. Так, у цэнтрах гарадоў і мястэчак можна пабачыць, як побач размяшчаюцца праваслаўныя цэрквы, касцёлы, сінагогі, мячэці.

Безумоўна, вялікая работа вядзецца па падрыхтоўцы экскурсаводаў, якія будуць задзейнічаны ў рэлігійным турызме.

Як паведаміла намеснік дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Ганна Вашчынчук, абнаўляюцца кантрольныя тэксты экскурсій і тэхналагічных карт. Нацыянальным агенцтвам падрыхтаваны дапаможнік «Метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы і правядзенні экскурсій па рэлігійных аб’ектах», з яго электроннай версіяй можна пазнаёміцца на сайце ўстановы. Дапаможнік прызначаны для прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі, экскурсаводаў, гідаў-перакладчыкаў. Тут пададзена важная інфармацыя, у тым ліку гісторыя развіцця канфесій на тэрыторыі Беларусі, структура храмаў розных канфесій, расповед пра тое, што прадстаўляюць сабой рэлігіі на тэрыторыі нашай краіны на сучасным этапе. Паказана, што важна размяжоўваць паломнікаў і звычайных турыстаў. Нават пададзены правілы паводзін на рэлігійных аб’ектах, каб не пакрыўдзіць прадстаўнікоў розных канфесій. Безумоўна, азнаямленне з такім дапаможнікам будзе карысным і для звычайных падарожнікаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ