Тут знаходзіцца Рака багоў (Ясельда), падзямеллі старажытнага храма, захоўваюцца ўнікальныя гаворкі і традыцыйная культура ды ці не за кожным населеным пунктам стаіць багатая гісторыя і цікавыя паданні. Такое ўражанне выклікае новы турыстычны маршрут «Дарогамі Палескага Загароддзя», што быў прэзентаваны ў рамках выязнога семінара, які правялі Нацыянальнае агенцтва па турызме і Упраўленне спорту і турызму Брэсцкага выканаўчага камітэта, дзе прысутных азнаёмілі з турыстычным патэнцыялам Драгічынскага, Іванаўскага і Пінскага раёнаў.

Такая вандроўка раскрывае Беларусь па-новаму: праз чароўныя гісторыі, спевы мясцовых калектываў, багатую архітэктурную і культурную спадчыну, а яшчэ праз шматлікія знаёмствы з людзьмі, якія робяць усё магчымае для захавання «аўтэнтыкі», дазваляе зазірнуць у храмы і пачуць расповеды святароў, паўдзельнічаць у майстар-класах, дэгустацыях. Гэта падарожжа для тых, хто хоча лепш пазнаць нацыянальны характар і (я запазычыла выраз у распрацоўшчыка маршруту — старшыні Пінскага аддзялення экскурсаводаў Таццяны Хвагінай) «не выкалупваць разынкі, а вывучаць гісторыю ў комплексе». На працягу ўсяго падарожжа да ўдзельнікаў семінара далучаліся мясцовыя даследчыкі і музейшчыкі, каб адкрыць новыя палескія цікавосткі. Гэта край, які здольны ўразіць, змяніць свядомасць і, вядома, улюбіць у сябе. Дазвольце ж пазнаёміць і вас хоць бы з некаторымі палескімі сакрэтамі.


А бэз дзе ж?

Прыгожыя раслінныя выявы ў вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна можна сустрэць на адзенні, рушніках, царкоўных харугвах. У многіх хатах да гэтага часу захоўваюцца і вышытыя карціны, часта на іх красуецца бэз. Расказваюць, што даўней адзін хлопец заўжды прыходзіў з бэзам да сваёй каханай. Аднойчы ён прыйшоў без запаветнай галінкі, і тая здзівілася: «А бэз дзе ж»? Маўляў, адсюль і назва. І хто б мог падумаць, што ў мясцовы Музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» будуць ехаць людзі з усяго свету, а на народныя святы накшталт Купалля і Каляд збірацца да 1,5—2 тысяч чалавек, што адным з брэндаў мястэчка стане частка жаночага касцюма. Хоць насамрэч тутэйшыя фартушкі сапраўды незвычайныя — яны больш шырокія і кароткія, чым у іншых кутках Беларусі, багата і прыгожа аздобленыя. Без іх ніводная гаспадыня раней не выходзіла на ганак, і толькі святочных фартушкоў магла мець каля 12. А яшчэ тут умелі рабіць асабліва тонкую далікатную тканіну. Нават правяралі якасць яе нітак пры дапамозе пярсцёнка — іх праз яго павінна было прайсці адразу 300 штук. Пра ўсе этапы апрацоўкі льну — а тут былі свае сакрэты, каб атрымаць надта тонкія ніткі — распавядуць у музеі і нават пакажуць, дадуць праверыць свае здольнасці за верацяном ды ткацкім станком. Як лён выспяваў, як яго вырывалі з коранем, вымочвалі, высушвалі, прыбіралі насенне, пераціралі, трапалі, вычэсвалі — і з кожным этапам апрацоўкі ён рабіўся ўсё мякчэйшы. А пад канец бездзежскія гаспадынькі яшчэ часалі яго спецыяльным грэбнем. І толькі ўжо з якаснай кудзелі пралі. Каб адбяліць тканіну, яе складвалі ў жлукту, засыпалі бярозавым попелам, залівалі кіпенем, пакідалі на ноч, а пасля везлі да ракі выпалоскваць. З кожнай такой працэдурай рэчы станавіліся больш белыя. Далей гаспадыні шылі пад сябе адзенне, аздаблялі яго вышыўкай, карункамі. У калекцыі бездзежскага музея каля 360 фартушкоў, і вы не знойдзеце двух аднолькавых! Дарэчы, самы стары з іх — з 1880 года.

Таксама ў музеі вы даведаецеся, як выглядала бездзежская хата, як зачыняліся дзверы, як пры дапамозе духа (спецыяльнае плеценае прыстасаванне) лавілі рыбу і нават зможаце прымераць традыцыйнае вясельнае ўбранне маладых, а таксама знакаміты плецены з паперы вяночак нявесты — паву. А яшчэ вас могуць запрасіць на майстар-клас па народных танцах, пазнаёміць з абрадамі, пачаставаць макухай (прыправай з ільнянога семя). Цікава, што ладзяцца экскурсіі на мясцовай гаворцы.

У 2009 годзе музей атрымаў дыплом за захаванне ўнікальнай калекцыі дыялектаў і абрадаў. І гэта стала штуршком для далейшага развіцця ў дадзеным кірунку — пры ім запрацавала вясковае падвор'е з птушнікам, сажалкай, млыном, катаннем на санках і нават уласнай гасцініцай-хатай.

Вяртанне Евангелля

У Свята-Троіцкай царкве айцец Генадзій падзяліўся яшчэ некалькімі сакрэтамі мястэчка. Так, бездзежскі храм будаваўся ў здзітаўскай пушчы, перавозіўся сюды на конях і валах і быў асвечаны ў 1784 годзе. Такім чынам з'явілася трэцяя пабудова на гэтым месцы: першы храм, створаны ў 1622-м, згарэў падчас Паўночнай вайны. Мястэчка было шматлюднае, толькі пасля будоўлі чыгункі яго пачалі «абганяць» іншыя населеныя пункты, якім пашчасціла размясціца бліжэй да транспартыных шляхоў. Але царкоўныя кнігі паказваюць, што яшчэ сто гадоў таму ў Троіцкага і Нікольскага храмаў Бездзежа было 4296 прыхаджан, а ў Драгічыне, напрыклад, на той час жыло каля 700 чалавек. Пры храме існавала вялікая бібліятэка, і да гэтага часу тут захаваліся стражытныя кнігі, самая старая — з 1783 года, ёсць і часаслоў, якому 220 гадоў. Расказаў айцец Генадзій і гісторыю тутэйшага Евангелля. У вайну жыхароў мястэчка сагналі на плошчу для ліквідацыі, але айцец Віктар, які тады тут служыў, чалавек высокаадукаваны, з веданнем некалькіх моў, паклікаў у царкву нямецкага афіцэра. У наступным афіцэр згадваў, што яму нічога не каштавала расстраляць свяшчэнніка, але нешта яго спыняла. Калі яны выйшлі з царквы, афіцэр даў каманду зняць ачапленне і адпусціць людзей. Хоць жыхароў іншых вёсак немцы не пашкадавалі. А ўвечары бацюшка аддаў таму афіцэру каштоўныя залатыя рэчы з храма — так адкупіўся за захаваныя жыцці. Гадоў з дзесяць таму на замежным аўкцыёне было выстаўлена Евангелле з пазнакай бездзежскага храма. Каштоўнасць удалося вярнуць, а разам з тым стаў вядомы і працяг той «адкупной» гісторыі. Нямецкі афіцэр доўга ўспамінаў Бездзеж: і размову з бацюшкам, і мясцовую дзяўчыну Еўдакію, якую сустрэў пасля выхаду з царквы, надта падобную да яго памерлай жонкі Евы.

Расказаў айцец Генадзій і пра абрад «Стрілка», які ладзілі ў Бездзежы на Вялікдзень, пасля хрэснага ходу праводзілі абрад з карагодамі, скокамі, барабанамі.

Шукальнікам прыгод

Па Драгічынскім раёне можна пракладваць самыя розныя маршруты: тут ёсць аб'екты, звязаныя з ваеннай гісторыяй, яўрэйскай тэматыкай, развіваецца спартыўны турызм, чакаюць байдарачнікаў на водным шляху. Варта ўбачыць адзін з пунктаў Дугі Струвэ, прызнанай спадчынай ЮНЕСКА, альбо заехаць у заказнік «Званец» ці ў Брашэвіцкае лясніцтва, паглядзець на аленяў і пагуляць па дэндрапарку, у якім расце адзінае ў Беларусі дрэва карыі авальнай і саджанец з жалуда ад тысячагадовага чарэшчатага дубу, прывезены з Германіі.

Шукальнікаў прыгод уразяць мясціны, дзе засталіся рэшткі Тараканскага манастыра — некалі аднаго з самых прыгожых і значных храмаў на беларускіх землях: 14 патрыярхаў падпарадкоўваліся яму. Спачатку гэта быў праваслаўны, а пасля ўніяцкі храм, а калі «ўнія» на тэрыторыі Расійскай імперыі была забаронена, сюды ссылалі нязгодных, падазроных, «нязручных» свяшчэннікаў.

Сёння гэтыя мясціны — аграгарадок Імянін (старую, відаць, яшчэ татарскую назву Таракань у савецкі час прыбралі як непрыгожую). Ад самога храма захаваўся толькі кавалак сцяны, затое яшчэ стаяць келлі, манастырская кухня, свірны, дзе з-пад шыферу прабіваецца гонта старога даху. А пад зямлёй чакаюць вяртання, вывучэння і служэння людзям падзямеллі (агульнай працягласцю каля 500 метраў), у тым ліку пабудова з белага граніту, падобная на падземную капліцу. Манастыр быў узарваны ў 1960-я гады, сутарэнні, якія вабілі мясцовую моладзь (тут нават гулялі ў тайныя таварыствы, куды прымалі пасля пэўных абрадаў і выпрабаванняў крапівай), закідалі бітай цэглай. Дырэктар ваенна-гістарычнага музея імя Удовікава Сяргей Гранік, які водзіць экскурсіі па Драгічынскім раёне, заўважыў, што вышыня падзямелляў — 2,7 метра. Ён паведаміў, што захаваліся і незвычайныя іконы з храма: іх аўтары ачалавечвалі святых, маглі намаляваць апошніх з рубанкам ці сякерай. На Брэстчыне была выдатная іканапісная школа. Сяргей Уладзіміравіч нават ездзіў з вучонымі НАН у экспедыцыі, каб больш высветліць пра мясцовы царкоўны жывапіс. Многія старыя абразы, якія не падыходзяць пад каноны, у цэрквах аказаліся незапатрабаваныя, шмат што было знішчана — перамалявана, сапсавана і нават спалена. Так, яшчэ дзесяць гадоў таму ў адной з цэркваў проста на двор вынеслі ўсё «непатрэбнае», у тым ліку іконы і кнігі. «Па сутнасці, так знішчылі частку нашага мінулага, гісторыі, бо храмы вялі хроніку», — шкадуе Сяргей Уладзіміравіч.

Манастырскі сад Тараканскага манастыра быў самы вялікі ў ВКЛ, былі сажалкі і арашэнне. Калі храм зачынілі, князі Дольскія некалькі гадоў вывозілі адсюль усё, што толькі было магчыма. Частка велічнага парку дайшла да нас — праўда, сёння яна хутчэй нагадвае непраходныя джунглі.

Страчаная спадчына

Некалі на тэрыторыі Драгічынскага раёна было 82 сядзібы. У ХІХ—ХХ стагоддзях гэтая багатая спадчына была знішчана, захаваліся толькі фрагменты. Адзін з такіх старасвецкіх куткоў — вёска Пярковічы. Тут захаваліся царква, пабудаваная Віславухамі, і сядзібны дом, у якім цяпер месціцца санаторная школа. Зянон Казімір Віславух быў суаўтарам Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года (першай у Еўропе і другой у свеце). Аўтары Канстытуцыі далі абяцанне пабудаваць храм у Варшаве, але падзелы Рэчы Паспалітай не дазволілі тое зрабіць, і тады Зянон вырашыў паставіць храм хоць бы ў сваім маёнтку. Адначасова з царквой будаваўся і сядзібны дом на 15 пакояў. «Тут род Віславухаў жыў прыкладна 160 гадоў. Будынак адрэстаўрыраваны ў пачатку 2000-х, тады яму былі вернутыя калоны, якія самі Віславухі загадалі прыбраць пасля няшчаснага здарэння. «Адзін з апошніх уладальнікаў, Антоній Віславух, быў заядлым бібліяфілам і вельмі адукаваным. Ён скончыў Варшаўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці гісторыка. Ведаў выдатна новыя і старыя мовы. У 1930-я выкладаў у Брэсце ў гімназіі латынь і грэчаскую мову. Расказвалі, быццам, у яго бібліятэцы быў экзэмпляр кнігі Каперніка, дзе той упершыню даказаў, што Зямля верціцца вакол Сонца. Царква гэтыя кнігі знішчала і таму такі экзэмпляр быў вельмі каштоўны. Была нібыта ў бібліятэцы Антонія і рэдкая Радзівілаўская Біблія, а таксама скрыня са старажытнымі рукапіснымі граматамі. І на сёння застаецца загадкай, куды ўсё знікла», — распавядае мясцовы краязнавец, настаўнік гісторыі Яўген Квачук. Для мужчыны гэта яшчэ і сямейная гісторыя — яго продкі былі прыгоннымі Віславухаў, некалі пан сям'ю яго прадзедаў з вёскі Папіна выменяў на пару паляўнічых сабак...

Антоній Віславух ведаў шмат моў. Калі цыганскі табар праходзіў праз гэтыя мясціны, то на пэўны час спыняўся ў Віславухаў; і старыя цыганкі пыхкалі люлькамі і размаўлялі з панам прафесарам на незразумелай мясцовым сялянам мове. Апекаваліся Віславухі і над яўрэямі. Справа ў тым, што пасля паўстання 1863 года мясцовыя паны, якія былі яго ўдзельнікамі, маглі пацярпець, дом нават быў ачэплены казакамі, зранку павінен быў пачацца вобыск. Але ўначы мясцовы карчмар-яўрэй прабраўся ў дом і вынес дакументы з кампраматам.

Новая старая жамчужына

Ужо некалькі гадоў вядуцца рэстаўрацыйныя работы ў вёсцы Закозель. І да 2024 года мы зможам убачыць далікатную, аздобленую дзівоснай ляпнінай капліцу-пахавальню Ажэшкаў.

«Капліца пабудавана ў стылі англійскай неаготыкі. Гэта спалучэнне стыляў і матэрыялаў: фігурнае ліццё, фігурная ляпніна, цагляны мур, вітражнае шкленне. Дах быў пакрыты меддзю, але ў часы Першай сусветнай вайны немцы знялі меднае пакрыццё і звезлі ў Германію. З 1915 да 1923 года капліца стаяла без даху, а пасля яе ўладальнік Караль Талочка пакрыў будынак цынкавымі лістамі. У бажніцах стаялі статуі ў чалавечы рост (фігуры апосталаў цяпер можна ўбачыць у Пінску). Чатыры статуі размяшчаліся і ўнутры, былі хоры, алтар з мармуровай плітой», — распавёў інжынер-рэстаўратар Сяргей Крук.

Наогул, Закозелле вартае асаблівай увагі яшчэ і ў сувязі з Элізай Ажэшкай ды іншымі прадстаўнікамі роду. Тут захаваліся старажытны парк, бровар і двухпавярховы будынак ці то свірна, ці то стайні. Вяртанне дадзенага архітэктурнага помніка — сапраўды важная культурная падзея.

Паглыбленне

Брэсцкае Палессе не варта наведваць наскокам, інакш вы можаце проста прайсці міма яго галоўных таямніц. У маленькіх вёсачках вас чакае столькі адкрыццяў! У палешукоў можна «завіснуць» на некалькі дзён, і ў кожны з іх вы будзеце адкрываць для сябе Беларусь з нечаканых ракурсаў.

Музейны комплекс Напалеона Орды ў Варацэвічах Іванаўскага раёна можа сустрэць вас музыкай гэтага кампазітара. «Наша музейная ўстанова высокага інтэлекту. Мы не хацелі б, каб ад нас пахла піражкамі і пончыкамі. Мы хочам, каб ад нас патыхала мастацтвам і тымі высокімі ідэаламі, якімі жыло чалавецтва ў часы Напалеона Орды, — заўважае навуковы супрацоўнік музея Ларыса Дрычыц. — Напалеон Орда аб'ездзіў свет. Сярод яго сяброў былі асобы, вядомыя ў сусветнай культуры: Станіслаў Манюшка, Фрыдэрык Шапэн, Адам Міцкевіч, Іван Тургенеў, Ферэнц Ліст, Ян Чачот, Жорж Санд, Паліна Віярдо, Джузэпэ Вердзі і іншыя. Але яго асоба не была незаўважная ў такім атачэнні, невыпадкова ён быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Пасля паўстанняў 1830—1831 і 1863 года Напалеон атрымлівае статус дзяржзлачынцы. На яго прыходзіць данос, што ён ноч у ноч чэрціць планы крэпасцяў і дасылае за мяжу, яго вінавацяць у шпіянажы. Але прыходзіць адказ пінскага спраўніка мінскаму губернатару, што факт правераны: Орда сапраўды чэрціць планы крэпасцяў, але не на шкоду Радзіме, а ў славу яе. Чалавека трэба падтрымаць. Тым не менш, 15 месяцаў кобрынскай турмы мастаку былі забяспечаныя... Расказваць пра гэту асобу можна багата, але галоўнае, што праз яго імя мы здольныя паказаць, як можна жыць дастойна і што можна рабіць для роднага краю».

Варацэвіцкі музей выдатна ўпісваецца ў любыя турмаршруты, па дарозе сюды (і адсюль) можна ўбачыць мясціны, якія замаляваў Напалеон Орда і захаваў для нас такімі, якія яны былі ў ХІХ стагоддзі. І хоць гэты чалавек пакінуў свету найбагацейшую спадчыну (выявы 1098 матэрыяльных аб'ектаў розных краін Еўропы, 50 музычных твораў), яшчэ гадоў з дваццаць таму нават на яго малой радзіме пра мастака і кампазітара ніхто не ведаў. А сёння вяртаецца не толькі яго імя, але і яго эпоха — у музейны комплекс едуць маладыя, каб зладзіць вяселле з касцюмамі і музыкай таго часу; Масленіцу ці Новы год тут сустракаюць так, як гэта магло быць пры Напалеоне Ордзе. Дзеці, што прыходзяць на музейныя заняткі, ведаюць, як раней адзяваліся, у што гулялі. Лекцыі, квэсты, музычныя і тэматычныя вечарыны, выстаўкі і пленэры — усё робіцца для таго, каб кожны госць паглыбіўся ў шляхетную культуру, адчуў новыя сэнсы і адценні спадчыны. Супрацоўнікі музея не раз выступалі з прапановамі да Мінадукацыі ўключыць наведванне музеяў у школьную праграму. «Такія ўстановы трэба выкарыстоўваць як патэнцыял для выхавання асобы!» — перакананая Галіна Георгіеўна.

Па здароўе

Усе прызвычаіліся, што Беларусь — краіна замкаў, рэк, азёраў і балот, а ці задумваўся хто, што гэта яшчэ і краіна зёлак. Стагоддзямі тут перадаваліся народныя рэцэпты, мясцовыя расліны ратавалі людзей ад хвароб, бабулькі нашэптвалі над малымі замовы, складаліся паданні пра расліны.

«Наша хата здароўем багата» — так вітаюць гасцей у вёсцы Стрэльна ў філіяле традыцыйнай культуры «Дом траўніка» Мотальскага музея народнай творчасці. Тут сустракаюць з кошыкам зёлак, дзеляцца народнымі рэцэптамі, частуюць настоямі з зёлак, даюць парады, што і як нарыхтоўваць альбо што карыснага пасадзіць у сваім садзе-агародзе. Зёлкаваму музею сёлета спаўняецца ўжо трыццаць гадоў! І ўвесь гэты час сабраныя ад бабулек традыцыйныя рэцэпты стараюцца данесці да людзей. Апошнія гады наладжана актыўнае супрацоўніцтва з Нацыянальнай акадэміяй навук, дзякуючы чаму карысныя веды стануць яшчэ больш даступныя, трапяць у работы вучоных, кнігі. У вясенне-восеньскі перыяд у Стрэльне стараюцца нарыхтоўваць зёлкі і чакаюць тых, хто гатовы далучыцца да гэтай справы. А яшчэ тут вас з радасцю сустрэнуць на Шчадроўках, Калядках і іншых народных святах.

Так, Іванаўшчына заваблівае вясковымі музейчыкамі, знаёміць з народнымі рамёствамі, зараджае пазітыўным настроем на фестывалях, і радуе кулінарным майстэрствам месцічаў. Ужо ў жніўні вас чакаюць Мотальскія прысмакі!

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ