СЯДЗІБА ХРАПТОВІЧАЎ

ПОМНІК ПАЛАЦАВА-ПАРКАВАЙ АРХІТЭКТУРЫ ДРУГОЙ ПАЛОВЫ XVIII СТАГОДДЗЯ

Калі праехаць ад Мінска 160 км на паўднёвы захад, вы ўбачыце месца, якое ў XVIII стагоддзі было вельмі папулярным у Вялікім Княстве Літоўскім. «Узор ідэальнай гаспадаркі», палацава-паркавы ансамбль ад лепшых еўрапейскіх майстроў, важны культурны цэнтр і самая буйная бібліятэка ў ВКЛ. Усё гэта - сядзіба Храптовічаў у вёсцы Шчорсы Гродзенскай вобласці.

й

Гістарычная даведка. Пад канец XVIII стагоддзя апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага граф Іаахім Храптовіч захацеў пабудаваць у вёсцы Шчорсы палацава-паркавы ансамбль у стылі французскага класіцызму эпохі Людовіка XV. Яго пажаданні ажыццявіліся дзякуючы адным з лепшых еўрапейскіх майстроў. Гэта былі італьянцы Джузэпэ Сака і Карла Спампані, а таксама француз Якуб Габрыэль. Дзякуючы гэтым майстрам у Шчорсах з'явіўся архітэктурны ансамбль, сістэма штучных азёр, пейзажны парк на 40 гектараў, дзе раслі 200 відаў раслін. Гаспадарка была вельмі разнастайнай. Шчорсы былі знакаміты сваімі сажалкамі з рыбай, броварам, прадпрыемствамі, дзе рабілі цэглу, млынамі, вадзяной лесапільняй, а таксама верф'ю, дзе выраблялі невялікія судны. Тут таксама было смачнае піва і хлеб, якія экспартаваліся ў Прусію і Літву. А ў мясцовых сыраварнях працавалі швейцарскія майстры, чые сыры карысталіся неверагоднай папулярнасцю нават у Пецярбургу. У Шчорсах амаль на сто гадоў раней, чым ва ўсёй дзяржаве, было адменена прыгоннае права. Бібліятэка сядзібы таксама з'яўлялася ўнікальным сховішчам: тут было больш за 20 000 кніг, геаграфічныя карты, рукапісы, а таксама дзённікі Марыны Мнішак. У Шчорсы ў розны час прыязджалі паэты А. Міцкевіч, У. Сыракомля. Гісторыкі лічаць, што паэма «Гражына» А. Міцкевіча была напісана менавіта тут.

й

У перыяд Першай сусветнай вайны сядзіба была спалена. Пытанне аб яе аднаўленні зацягнулася надоўга. Паступова ідэальная гаспадарка прыйшла ў заняпад. Гаспадарчыя пабудовы выкарыстоўваліся пад патрэбы мясцовага калгасу. Зараз у некалькіх памяшканнях, якія захаваліся да нашага часу, знаходзіцца мясцовая адміністрацыя, у адным з будынкаў размясціўся дзіцячы сад. У бібліятэцы калісьці была школа, якую потым аддалі пад мастацкія майстэрні. А цяпер гэты будынак апусцеў і паступова разбураецца. У дзікім лесе зараз цяжка распазнаць былы англійскі пейзажны парк. Сістэма сажалак, якая размяшчалася каскадам, зараз выглядае як багна.

й

Шчорсы з'яўляюцца часткай турыстычнага маршруту Нясвіж – Мір – Турэц – Карэлічы – Навагрудак. Як правіла, аўтобусы не робяць тут прыпынак: экскурсаводы прапануюць турыстам толькі паглядзець у акно на руіны калісьці папулярнага палацавага ансамбля. Цяпер нават цяжка ўявіць яго мінулае хараство. Штогод у вёску Шчорсы з'язджаюцца валанцёры, каб прыцягнуць увагу грамадства да спадчыны Беларусі, якая знаходзіцца ў заняпадзе. Сядзіба занесена нават у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь другой ступені.