Галіна разам з мужам Уладзімірам жыве ў Светлагарску, але кожны год яны прыязджаюць у Бялыніцкі раён на ўсё лета. А заадно прывозяць старэнькую Галініну маці, якая вельмі сумуе ў горадзе па роднай хаце. Тут сапраўды вельмі прыгожа. Шмат зеляніны, возера за пералескам, крынічка за агародам. Утульнае радавое гняздо. І дарагія сэрцу продкі дагэтуль жывуць тут: у фотаздымках, ручніках, самаробнай мэблі. У кожнай рэчы свая гісторыя. Узяць, напрыклад, камоду. Лічы, сямейны талісман. Без яго, магчыма, лёс паважанай Варвары Герасімаўны, Галінінай бабулі, склаўся б па-іншаму. І не сядзелі б мы тут на верандзе са смачным пірагом і духмянай кавай, успамінаючы цёплыя сямейныя гісторыі. Але ж аб усім па парадку.


Галіна і Уладзімір каля выратаванай імі крыніцы.

Галіна і Уладзімір каля выратаванай імі крыніцы.

«Адмовіш — выкінем на вуліцу...»

Сям'я Дзіны Васільеўны Гарэлік, маці Галіны, пераехала ў гэты дом разам з чатырма дзецьмі і бабуляй Варварай Герасімаўнай у 1965 годзе. Дом вялікі, не ў прыклад таму, дзе жылі дагэтуль. І зямлі навокал — бяры не хачу. У 60—70-я гады мінулага стагоддзя за некалькі сантыметраў суседзі маглі і пасварыцца. Дзед, перад тым як сысці з жыцця, яшчэ паспеў сад пасадзіць, каб забяспечыць дзяцей і ўнукаў вітамінамі. Яблынькі гэтыя ўжо прыкметна пастарэлі, але дагэтуль іх галіны гнуцца пад цяжарам сакавітых пладоў.

— Маці працавала, а нашым выхаваннем займалася бабуля, — успамінае Галіна. — Яна была пісьменная, у 90 гадоў газеты чытала. Царкоўнапрыходскую школу з адзнакай закончыла, за адзін год праграму двух класаў адольвала. Біблію ведала ад пачатку да канца. І нам, унукам, расказвала, што там напісана. З лёгкасцю чытала на царкоўнаславянскай мове, ведала шмат малітваў. Нас з сястрой розным рамёствам вучыла: шыць, вышываць, вязаць. Яна ўсё сваімі рукамі рабіць умела. І працаўніца была выдатная. За поспехі ў паляводстве нават у Маскву на ВДНГ ад мясцовага калгаса пасылалі, яна і там вопытам дзялілася.

— Пакуль бацька яе быў жывы, яна ліха не ведала, — расказвае Галіна пра юнацтва бабулі. — Жылі яны на Бялыніччыне ў Старым Сяле, а ў царкоўнапрыходскую школу ў Галоўчын хадзіла. Там жа, у царкве, спявала на клірасе. Вёска па тых часах багатая была. Шмат розных крамак, майстэрань. І кавалер там да яе цікавы заляцаўся, з заможных. Яна за яго замуж збіралася.

Але аднойчы жыццё пайшло іншым ходам. Пасля таго як памёр бацька, яго таленавітай дачцэ на вучобе прыйшлося паставіць крыж. А там яшчэ і кавалер кудысьці з'ехаў. Дзяўчына вельмі балюча адрэагавала на гэта, усім хлопцам, якія да яе сваталіся, адмаўляла. Браты Ягор і Восіп, якія зрабілі ёй на пасаг камоду, «як у гарадской пані», сталі злавацца. І, калі яна чарговаму кавалеру адмовіла, паабяцалі: не выйдзеш за наступнага — камоду выкінем на вуліцу. Але Васіль, які не прымусіў сябе доўга чакаць, ёй сапраўды прыйшоўся даспадобы.

Фота з гісторыяй

Галіна дастае з шафы пакет з фотаздымкамі, і падарожжа ў мінулае пачынаецца. Прыгажуня з пацеркамі на шыі, якая стаіць рукі ў бакі, і ёсць тая самая Варвара Герасімаўна. Па ўсім адчуваецца, што жанчына была — агонь.

А вось і аўтары камоды — Ягор і Восіп — прыгажуны, выглядаюць, як артысты. На жаль, жыццё Восіпа было кароткае, загінуў у баях за Адэсу ў Вялікай Айчыннай вайне.

— А вось і муж бабулі Варвары — Васіль Паўлавіч, — працягвае Галіна фота з сімпатычным мужчынам. — Шлюбам яны пабраліся ў 1923 годзе, а трох сваіх дачок назвалі імёнамі літаратурных гераінь — Дзіна, Ліда і Рая. Бабуля выбірала іх са сваіх любімых твораў. А чытала яна шмат.

На вочы трапляе радавод, дзе ў слупкі напісана шмат імён і дат. Ініцыятарам стварэння выступіла стрыечная сястра Галіны — Ірына Капыткова. Яе бацька Леанід у гады вайны быў партызанам, а ў снежні 1946-га загінуў ад рук былых паліцаяў.

— Ён працаваў старшым інспектарам аддзялення дзіцячых прыёмнікаў і ў той трагічны дзень скарачаў дарогу на работу праз возера, — расказвае падрабязнасці Галіна. — Бандыты яго падпільнавалі, забілі і кінулі ў палонку пад лёд. Пражыў усяго 23 гады.

На сайце Бялыніцкай бібліятэкі захоўваецца электронная копія дзённіка Леаніда Капыткова, які ён вёў у партызанах. Там і песні тагачасныя, і апісанне партызанскіх будняў, і лірычныя адступленні пра сям'ю. Каштоўная па сённяшніх часах рэліквія.

Вайна прынесла ў сям'ю шмат гора. Захавалася даваеннае фота бабулінай сястры, дзе яна, маці траіх дзяцей, глядзіць на свет шчаслівымі вачыма. І нічым не змераць таго гора, якім яны напоўніліся, калі немцы пры ёй расстралялі мужа. Жанчына таксама хутка памерла, сэрца не вытрымала. Дзяцей выхоўвала ўжо яе маці.

На чарговым фота — група маладых людзей. «Гэта выпускны маёй маці, — удакладняе Галіна. — Маладая жанчына пасяродку — настаўніца, яна потым і мяне вучыла».

Перабірала рукамі гэтыя сямейныя здымкі і ўвесь час круцілася ў галаве думка: шкада, што сёння людзі так мала расказваюць пра сябе і родных. І фота захоўваюць не ў альбомах, а ў мабільніках. Але гэта зусім не тое, бо 100 гадоў яны дакладна не пражывуць. І што застанецца нашчадкам?

— У гэтых фота ўсё наша жыццё, яны наша багацце, — усміхаецца Галіна. — Бывала, збяромся са старымі за сталом і слухаем іх гісторыі. Яны то пра аднаго раскажуць, то пра другога, а нам усё цікава. Адчуванне часу губляецца, ён бяжыць непрыкметна.

Бабуліны абрусы

Услед за фота Галіна пачынае даставаць абрусы і ручнікі. Іх таксама шмат, яны такія розныя, што вочы разбягаюцца.

— Вось гэта работа яшчэ маёй прабабулі — тамбурная вышыўка, — паказвае Галіна саматканае багацце.

— Дарэвалюцыйная яшчэ рэч. Прабабуля лён магла выткаць як шоўк. Карункавыя падзоры для ложкаў і бабулі, і маці рабілі. Ткалі і вышывалі. І мяне гэтаму навучылі. Магу і кручком вязаць, і тамбурачкай. А на прасціне саматканай так прыемна спаць.

Маці Галіны Дзіна Васільеўна Гарэлік.

Маці Галіны Дзіна Васільеўна Гарэлік.

— Маці шмат чаго вязала дзецям, унукам, — працягвае Галіна. — Узор убачыць і па памяці звяжа. Зараз рукі ўжо пакручаныя, баляць. Яна старэнькая, але мы рады, што яна з намі, душу грэе, як той агеньчык. Брат Васіль жыве ў Новасібірску, але таксама пры магчымасці да нас прыязджае. Тое вялікае фота на сцяне ён прыслаў. У цэнтры яго сям'я з дзецьмі і ўнукамі, а ў верхнім левым куточку — выява маці. Гэта ён спецыяльна такі калаж зрабіў, каб парадаваць нашу матулю.

Сямейны скарб

Сёння куфары, якімі карысталіся прадзеды, не ў модзе. Але выкідаць іх рука не падымаецца. Вось і ва Уладзіміра і Галіны яны стаяць у асобным памяшканні. Камодзе болей чым сто гадоў, але і сёння як новая. Які першапачатковы быў колер, ужо ніхто і не ведае. Зараз — насычаны бардовы. Браты Галінінай бабулі былі вялікімі майстрамі, чырванадрэўшчыкамі, стваралі мэблю любой складанасці і з высакародных парод. Дэталі камоды мацуюцца паміж сабой у паз. Прычым так якасна, што здаецца: дрэва зраслося паміж сабой. Колькі ўжо гадоў прастаяла камода, а няма і намёку на спарахнеласць. Хоць увесь час падарожнічала са сваёй гаспадыняй.

— У 1936 годзе гэтая камода нават ва Украіне пабывала, — расказвае Галіна. — У тыя гады туды народ агітавалі. І бабуля з дзядулем рызыкнулі. Забралі свойскую жывёлу, тое-сёе з мэблі, у тым ліку камоду, і паехалі. Калі вярталіся, камоду назад прывезлі. Тут у яе бялізна захоўвалася, адзенне.

Побач з камодай — куфар, які ўжо рабілі бацькавы продкі. Таксама амаль стагадовага ўзросту. Ён значна прасцейшы, але ладны. У ім добра захоўваліся малако і іншыя прадукты.

Тут жа лаўкі, старадаўнія ложкі, самаробны стол. Уладзімір кажа, што ў яго на радзіме ў Чавускім раёне захаваўся стары стол з выемкамі пад цукар. Дзецям раней яго насыпалі замест цукерак.

— Гэтыя рэчы вельмі нас выручаюць і сёння, асабліва калі дзеці прыязджаюць, — усміхаюцца сужэнцы. — Ставім стол у садзе, лаўкі і пачынаем чаяваць. Адчуванні не перадаць!

Галіне з Уладзімірам падабаецца мяне здзіўляць бабулінай спадчынай. Ідзём у сад, каб паглядзець на прыстасаванне незразумелага паходжання. Гаспадар патлумачыў, што гэта сячкарня, або разніца. Быў такі інструмент у гаспадарлівых сялян. На ім можна здрабніць любую расліну для жывёлы. Датаваны ён канцом XІX стагоддзя.

У садзе, дарэчы, працяг экспазіцыі. Тыя ж лаўкі са спінкамі пад даўніну. Але гэта ўжо рабіў брат Галіны, калі прыязджаў з далёкага Новасібірска. Непрыкметна пераходзім ад разгляду мэблі да размоў пра сёлетні ўраджай. Яблыкаў было столькі, што не паспявалі прыбіраць. Гаспадарлівая Галіна ў печцы насушыла аж два мяхі. «Буду частаваць тых, у каго печкі няма», — тлумачыць яна. Акрамя яблынь, у садзе хапае рознай садавіны-гародніны. Дагэтуль пладаносяць суніцы рэмантантнага паходжання, у цяпліцах было багата таматаў. Вялікая дзялянка адведзена пад бульбу. Сужэнцы смяюцца, што сёлета ўсю вёску ёй кармілі.

Справы грамадскія

Гарод вялікі, шмат кветак паміж градкамі. За размовамі не паспяваю заўважыць, як выходзім да яшчэ адной каштоўнасці. Ужо не толькі Патарыкіных, а ўсёй вёскі Сіпайлы. Гэта крынічка, якая хаваецца ў пералеску за гародам маіх суразмоўцаў.

Тая самая камода.

Тая самая камода.

— Яна вельмі старая, ёй, напэўна, некалькі стагоддзяў, — каментуе Галіна. — Я помню, як сюды мясцовыя жанчыны прыходзілі па ваду. Маці расказвала, што немцы з яе таксама ваду бралі, прымушалі дзяцей наліваць у бочкі і цукеркі за работу давалі.

Аднойчы Галіна ўбачыла, як возера затапіла крыніцу, і прапанавала аднавяскоўцам яе аднавіць. Вопыт грамадскай работы, дарэчы, ужо быў. Галіна з Уладзімірам перад гэтым выступілі ініцыятарамі суботніка. І знайшлі шмат аднадумцаў, чым прыемна здзівілі і парадавалі мясцовае кіраўніцтва.

З крынічкай было складаней, прыйшлося павалтузіцца — прывезці жвіру, знайсці кольцы. Галіна кінула кліч, каб здавалі грошы, аб'яўленні размясціла ва ўсіх людных месцах: каля крамы, крыніцы. І людзі адгукнуліся, панеслі. Усё, што трэба, купілі, мужчыны некалькі дзён «лячылі» крыніцу. Яна досыць глыбокая, і вада ў ёй, нягледзячы на летнюю спёку, была ледзяная. Валанцёры па чарзе ў гумавых касцюмах у яе лазілі.

Вакол крыніцы — поўны парадак. На дрэве — ікона Бялыніцкай Божай Маці і тэкст легенды пра крынічку. Калі работы па аднаўленні былі скончаны, запрасілі свяшчэнніка з Бялыніч, каб асвяціў месца. А з ім прыехала мясцовая ўлада і тэлебачанне. Добры рэпартаж атрымаўся.

Шэфства над крыніцай Галіна з Уладзімірам узялі на сябе: калі пачалі аднаўляць — трэба ж і даглядаць. Каб народ на машынах блізка не пад'язджаў, нацягнулі стужку. Уладзімір траву косіць, Галіна сочыць за парадкам. Каля крыніцы працякае маленькая рачулка Смалігаўка. А за пералескам — возера. Таксама, кажуць, чароўнае. Але пакінем расповед пра яго на іншы раз.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Бялыніцкі раён
Фота аўтара