Сёння мала хто з жыхароў Мінска ведае пра Траецкую гару — хоць менавіта такую назву насіла адно з самых старажытных буйных паселішчаў Старога горада. Сучаснае Траецкае прадмесце — толькі невялікая яго частка. Гістарычны цэнтр захоўвае процьму сакрэтаў. Разам з экскурсаводам Цімафеем Акудовічам адшукваем дамы, за якімі ажывае багатая і няпростая гісторыя...

Крыніца: газета «Звязда»

Траецкае прадмесце — адзін з сімвалаў горада.

Траецкае прадмесце — адзін з сімвалаў горада.

Драўляны замак, што месціўся ў старажытным Мінску, знаходзіўся ў нізіне, мясціны вакол яго былі балоцістыя, нязручныя для засялення, таму з ХІІ стагоддзя людзі пачалі перабірацца на другі бераг і актыўна засяляць гару, якую празвалі Траецкай — хутчэй за ўсё, з-за храма, які на ёй размяшчаўся (ён стаяў на месцы Вялікага тэатра оперы і балета). У дакументах XV—XVІ стагоддзя Траецкая гара некалькі гадоў згадваецца як «старое месца», што сведчыць: менавіта гэтая мясціна была адной з самых важных у гісторыі горада. Але чамусьці гара так і не стала цэнтрам горада, ратуша і найважнейшыя храмы былі пабудаваны на Верхнім рынку, хоць багатае і заможнае прадмесце таксама працягвала развівацца. На самым версе гудзелі кірмашы, ад гандлёвай плошчы ўніз разбягаліся вуліцы з храмамі, драўлянымі і цаглянымі дамкамі.

Гісторыя візітоўкі

Траецкая набярэжная за савецкім часам называлася Камунальнай. У часы Расійскай імперыі і нават пасля вайны тут знаходзілася забудаваная шэрагам дамоў вуліца. Будынкі былі не такія ўжо і старажытныя — справа ў тым, што ў 1809 годзе моцны пажар знішчыў усе драўляныя пабудовы. Прыкладна з таго часу была праведзена трасіроўка вуліц. І мясцовасць «абзавялася» класічнымі домікамі часоў Расійскай імперыі. Але пасля рэканструкцыі, якая была тут у 1980-х гадах, Траецкае прадмесце мяняе сваё аблічча — і яно ўжо не падобнае на той даваенны губернскі горад. Калі вы прагуляецеся па гэтым куточку Мінска, напэўна, зможаце вызначыць, якія будынкі засталіся ў старым выглядзе, а дзе моцна папрацавалі рэстаўратары.

Так, асобныя старыя будынкі тут захаваліся, у тым ліку дом Вігдорчыка на рагу былой Аляксандраўскай (цяпер вуліца Максіма Багдановіча), дзе ў канцы ХІХ стагоддзя пасяліўся Дамінік Луцэвіч, бацька Янкі Купалы. Ён спрабаваў зарабляць, працуючы рамізнікам, а будучы паэт у гэты час наведваў заняткі, дзе малых рыхтавалі да паступлення ў школу.

Старажылы яшчэ могуць згадаць, дзе стаяў будынак лазні, у якім у гады вайны размяшчалася падпольная друкарня і ствараліся маніфесты, што пасля раскідваліся па горадзе. Шыльда на лазні аб тым, што тут дзейнічала падпольная група, не ўратавала будынак ад зносу.

У 70-х гадах, калі актыўна абмяркоўвалася ідэя аб неабходнасці стварэння ў горадзе гістарычнага кутка, яна выдатна «клалася» на дамы ўздоўж Свіслачы. Тут захаваўся шэраг каменных дамоў ХІХ стагоддзя, праўда, былі яны ў жахлівым стане і суседнічалі з пасляваеннымі халупамі без выгод. І гэта ў цэнтры горада! Пакінуць усё як ёсць не выпадала — у 80-х гадах было не надта многа прыхільнікаў даўніны. Старыя будынкі жыхарам не падаваліся прывабнымі. Таму рэстаўратары і паспрабавалі правесці эстэтызацыю на новым ўзроўні. Дамы дабудавалі ў вышыню, расфарбавалі рознымі колерамі (быццам у сярэднявечнай Еўропе, дзе не было нумароў, а паштальёны адрознівалі дамы па колерах), дадалі мансарды, якіх раней не было. Траецкае прадмесце стала нагадваць утульны яскравы гарадок. Паступова да яго прызвычаіліся. Прадмесце становіцца брэндам для турыстаў і ўлюбёным месцам адпачынку гараджан. Актыўна прадаюцца паштоўкі з яго выявамі. У кавярнях тут падаюць смачную каву...

Вось толькі ў наш час з забудовай Зыбіцкай і аднаўленнем храмаў на Верхнім горадзе Траецкае прадмесце стала пусцець, і ўжо варта задумацца, што можна было б зрабіць, каб сюды прывабліваць больш гасцей. Адным з такіх пунктаў прыцягнення, на думку Цімафея Акудовіча, мог бы стаць музей яўрэйскай культуры, які варта было б размясціць у будынку Дома прыроды. А ўсё таму, што гэта былая сінагога ХІХ стагоддзя. Дарэчы, адзін з нешматлікіх будынкаў, які амаль цалкам захаваўся без умяшальніцтва рэстаўратараў. Наогул у Мінску было больш за 90 сінагог, і багата чаго можна распавесці пра адметныя жыццё, культуру і гісторыю мінскіх яўрэяў.

Называлася тая сінагога Кітаеўская, ёсць розныя версіі наконт паходжання назвы, і адна з іх звязана з... адзеннем. «Кітайкамі» ў ХІХ стагодзі называлі прывезены з Усходу шоўк. Тут была сінагога хасідаў — кірунку іўдаізму, які ўзнік на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, і адна з асаблівасцяў якога — у эмацыянальным звароце да Бога праз спевы, танцы. У хасідаў была любоў да яскравага адзення з тых самых «кітаек»...

Побач з Домам прыроды знаходзіцца адзін з найбольш загадкавых помнікаў, які экскурсаводы часам называюць сімвалам Траецкага прадмесця, і кожны па-рознаму тлумачыць усе дэталі кампазіцыі. На помніку — дзяўчына з савой, унізе — папараць-кветка і яшчарка: вось і вырашай, што пацерці, каб здабыць сабе нейкіх выгод: мудрасці, шчасця, кахання.

Памяць элітнага дома

Траецкае прадмесце — у тым ліку і месца, дзе трэба распавядаць пра трагедыі, якія адбываліся ў розныя часы. Пра адну з іх — загінулых у Афганістане салдат — нагадвае Востраў слёз. А зусім побач, праз дарогу, па адрасе Максіма Багдановіча, 23, захаваўся будынак трэцяга Дома Саветаў (першы знаходзіўся справа ад Чырвонага касцёла, другі — на перасячэнні вуліцы Карла Маркса з вуліцай Леніна). Пасля рэвалюцыі на савецкай тэрыторыі бальшавікі забіралі багатыя гасцініцы і пераназывалі іх у Дамы Саветаў, бо несалідна ж савецкім чыноўнікам жыць у гатэлі. А з 20-х гадоў для прадстаўнікоў новай улады пачалі ўзводзіць новыя дамы — натуральна, павышанай камфортнасці.

Трэці Дом Саветаў у Мінску пабудавалі ў 1936 годдзе. Шкляныя лесвічныя клеткі, шэры бетон, характэрныя формы нагадваюць пра канструктывізм. Кватэры тут былі з вялікімі столямі і ваннамі, утопленымі ў падлогу, як басейн. Асобны пад'езд быў з маленькімі кватэркамі — для прыслугі. Тут жыло шмат афіцэраў, міністр культуры. І нядзіўна, што ў 1937 годзе сюды часта заязджалі «чорныя варанкі». А пасля жыхароў Дома Саветаў напаткала яшчэ адна трагедыя. У 1941 годзе падчас першай жа бамбёжкі, у бомбасховішчы, якое і да сённяшняга дня знаходзіцца пад будынкам, загінула каля ста чалавек — жонак і дзяцей афіцэраў, што жылі па гэтым адрасе. Захаваліся нават здымкі з нямецкіх самалётаў, дзе яны бамбяць Траецкую гару і адна з бомб трапляе ў Дом Саветаў. Мінчане доўга ўспаміналі пра гэтую адну з самых першых буйных ваенных трагедый. Будынак пасля вайны аднавілі. Але шыльдаў пра адных з самых першых ахвяр Вялікай Айчыннай вайны на будынку няма, хоць варта было б іх тут зрабіць.

Насупраць Дома Саветаў захаваліся старыя будынкі аптэкі і дом Пінсуховіча, дзе ў ХІХ стагоддзі жылі афіцэры Серпухаўскага пехотнага палка.

Кароткая вуліца

Сувораўскае вучылішча.

Сувораўскае вучылішча.

Ад Траецкага прадмесця рухаемся на адну з самых кароткіх вуліц сталіцы, названую ў гонар вядомага пасляваеннага архітэктара Мінска Заборскага. Тут знаходзіцца адзін з аб'ектаў, над якім ён працаваў, — Сувораўскае вучылішча.

У 1809 годзе, калі пажар нішчыў Траецкае прадмесце, у тым ліку згарэў і самы стары касцёл горада. На той момант біскупам мінскім быў Якуб Дадэрка, які вырашыў не аднаўляць храм, а пабудаваць новы, прычым каб гэта быў цэлы комплекс, з касцёлам і шпіталем. Але пачынаецца вайна 1812 года, біскуп прымае бок Напалеона Банапарта, нават узначальвае партыю прыхільнікаў французскага імператара. Як пазней аказалася, ён не на таго паставіў, вяртаюцца рускія войскі, і праз пэўны час Дадэрка з'язджае з Беларусі. Будоўля касцёла не была скончана. У 1830-х гадах на гэтае месца звяртаюць увагу праваслаўныя, каб пазней пабудаваць тут Мінскую духоўную акадэмію... Пасля Другой сусветнай вайны ад храма засталіся руіны. Заборскаму замовілі зрабіць замест іх будынак для навучання сувораўцаў, дый па-багатаму. Вось толькі пасля смерці Сталіна пачынаецца барацьба з празмернасцямі. Ад пакарання архітэктара выратоўвае маршал Перамогі Цімашэнка, які ў гэты час жыў у Мінску...

Але давайце збочым ва ўнутраны дворык ды знойдзем месца, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. У 80-х гадах Адаму Багдановічу даверылі справу па стварэнні першай у Мінску прагімназіі — навучальнай установы, дзе дзеці маглі б атрымліваць належныя веды для таго, каб пасля працягнуць вучобу ў гімназіях. Раніцай Адам займаўся з дзецьмі, а ўвечары сядзеў на сустрэчах падпольнай партыйнай арганізацыі. Такое насычанае жыццё падрывае здароўе Адама, і ён разам з сям'ёй з'язджае са сталіцы.

Калі ў 80-х гадах аднаўлялася Траецкае прадмесце, планавалася аднавіць хату, у якой жыла сям'я Багдановічаў, але калі сродкі на будоўлю Траецкага былі ўрэзаны, пра мару аб аднаўленні будынка давялося забыць. Другая надзея на вяртанне будынка была звязана з будоўляй так званага «Дома Чыжа» — маўляў, калі ўзводзіцца такі маштабны, але недарэчны для мясцовасці будынак, варта было б у якасці кампенсацыі аднавіць хату, дзе нарадзіўся беларускі класік. Хаты так і няма, але ўзнік помнік — сведчанне таму, што яна тут стаяла. На ржавай сцяне (модная, як у Еўропе цяпер, «фішачка») змешчаны радкі з твораў Максіма Багдановіча. А сама пляцоўка вакол яго магла б стаць неблагім месцам, дзе жыхары горада маглі б сустракацца і чытаць вершы класіка...

У пошуках Белай царквы

Тэатр оперы і балета. Фота Анатоля Клешчука.

Тэатр оперы і балета. Фота Анатоля Клешчука.

Сапраўды грандыёзнае было будаўніцтва Тэатра оперы і балета. Ён і сёння нам падаецца вялікім (паспрабуйце даведацца, колькі насамрэч паверхаў у гэтым будынку, а некалькі з іх — пад зямлёй). Але першапачатковы праект быў яшчэ больш амбіцыйны. Спачатку планавалася, што асноўная глядзельная зала будзе разлічана на пяць тысяч чалавек (пасля скарачэння праекта абышліся лічбай у 1,5 тысячы месцаў). Хадзіла байка, быццам сам Сталін казаў, што не трэба ствараць у Мінску настолькі буйны тэатр, што ён будзе большы за тыя, што ёсць у Маскве і Піцеры.

Спускаемся з Траецкай гары і шукаем сляды былой Белай царквы. Раней тут нават была вуліца Белацаркоўная. Яна ішла ад Тэатра оперы і балета да месца, дзе сёння абеліск Перамогі. Сёння ад яе нічога не засталося. Ды і былы храм з багатай гісторыяй (ён звязаны з мітрапалітам Міхаілам Рагозам, які падпісаў Берасцейскую унію. Тут было і жаночае духоўнае вучылішча, а ў даваенны час — медыцынскі факультэт БДУ які, у гады Вялікай Айчыннай вайны быў моцна пашкоджаны. Пасля вайны на старыя муры «насадзілі» новыя, і атрымаўся іншы будынак, які мы сёння ведаем як Міністэрства абароны. Казалі, што архітэктар, які шчыраваў над гэтым праектам, надта абураўся, калі ў парку падраслі дрэвы, і патрабаваў іх спілаваць, бо яны закрываюць усю прыгажосць...

Сёння цяжка паверыць, што раней Траецкая гара была шчыльна аблеплена дамкамі. У гады вайны ўсё было выпалена. Але вырашана было на гэтых землях не распачынаць будоўляў, дакладней, пусціць іх пад паркі. Калі замежныя госці гуляюць па сталіцы, іх уражвае, што цэнтр горада, здавалася б, самая каштоўная з эканамічнага пункту гледжання зямля, не забудавана. Часам, калі гараджане дыскутуюць, які ж галоўны аб'ект Мінска, згадваюць будынкі і помнікі, але забываюцца пра паркавую структуру, што абрамляе Свіслач і вялізную Вілейска-Мінскую водную сістэму, хоць гэтая грандыёзная «зялёная» планіроўка горада вартая таго, каб падавацца на ўключэнне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта наша «разыначка». У пасляваеннай Еўропе хіба вы яшчэ знойдзеце такі прыклад, каб усё ўзбярэжжа цэнтральнай гарадской ракі з абодвух бакоў было абсаджана паркамі?..