Лета ў беларускіх санаторыях другі год запар праходзіць пад знакам устойлівага попыту — у гэты час яны цалкам запоўнены. У некаторых здраўніцах запаўняльнасць перавышае нават 100%, прычым апошнім часам сфарміраваўся трэнд на санаторыі высокай цэнавай катэгорыі. Спецыялісты падвялі першыя вынікі летняга аздараўлення, а таксама расказалі, у чым прыцягальнасць такога віду адпачынку і дзякуючы якім складальнікам попыт у суседзяў на нашы санаторыі толькі расце.
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі адзначыў, што аздараўленчая кампанія праходзіць у штатным рэжыме:
— Гэтым летам, як і папярэднім, адзначаецца ўстойлівы попыт на санаторна-курортны від паслуг. Санаторна-курортныя ўстановы запоўнены на 100%. Падчас летняй аздараўленчай кампаніі ў іх штодзённа знаходзіцца больш як 25 тысяч чалавек, сярод іх каля 6-7 тысяч замежных грамадзян.
Устойлівы попыт на беларускія здраўніцы назіраўся цягам усяго першага паўгоддзя. Запаўняльнасць была на 3% вышэй, чым за аналагічны перыяд летась, яна перавысіла 80%. За паўгода санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне прайшлі 834 тысячы чалавек, што на 6% больш, чым у першай палове 2023-га.
Выручка беларускіх санаторыяў павялічылася на 19%. Такая ж станоўчая тэндэнцыя назіралася і па экспарце паслуг. За першае паўгоддзе прайшлі аздараўленне і лячэнне звыш 109 тысяч замежных грамадзян — у параўнанні з першым паўгоддзем 2023 года іх стала на 22% больш. Па выручцы ад экспарту паслуг тэмпы росту павялічыліся — 37%, замежнікі пакінулі ў нашых здраўніцах больш чым 170 мільёнаў рублёў.
Летась у нашай краіне адпачылі прадстаўнікі сямі дзясяткаў краін, у тым ліку госці з Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі. Вялікая частка замежнікаў з’яўляюцца выхадцамі з краін былога СССР. Дарэчы, у сувязі з бязвізам для грамадзян 35 еўрапейскіх дзяржаў, які дзейнічае з 19 ліпеня, у санаторыях разлічваюць на прыток замежнікаў.
— Мы да гэтага моманту адчувалі, што яны не могуць да нас даехаць. Прадстаўнікі гэтых краін выказвалі раней цікавасць, і многія з іх адпачывалі ў нашых санаторыях. Улічваючы, што яны змогуць знаходзіцца ў краіне да 30 дзён, я думаю, што многія з іх скарыстаюцца магчымасцямі адпачынку ў нашых санаторыях, — адзначыла загадчык сектара каардынацыі дзейнасці арганізацый аховы здароўя Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Беларусі Маргарыта Леўчанка.
Яна нагадала, што сёння ў сістэме Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта працуе сем санаторыяў.
Аднамомантна яны могуць прыняць каля трох тысяч адпачывальнікаў. Чатыры санаторыі размешчаны на тэрыторыі Беларусі, тры з іх — у Мінскай вобласці: гэта «Юнацтва» (Мінскі раён), «Прыазёрны» і «Сосны» (Мядзельскі раён); санаторый «Баравое» знаходзіцца ў Бягомлі Віцебскай вобласці. Тры санаторыі размешчаны на тэрыторыі Расіі — «Белоруссия» (Ялта), «Белая Русь» (Туапсе), «Беларусь» (Сочы). Санаторыі прымаюць дарослых і дзяцей, а «Белая Русь» — арганізаваныя групы дзяцей, якія жывуць на тэрыторыях, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.
Сярэдняя запаўняльнасць гэтых здраўніц складае 101,2%. Самы запатрабаваны — санаторый «Юнацтва» — летам запоўнены на 115,2%, санаторый «Прыазёрны» — на 102%, «Сосны» — 108%. Такія лічбы тлумачыцца не ўшчыльненнем адпачывальнікаў, а тым, што многія сем’і прыязджаюць з дзецьмі, якіх засяляюць на дадатковыя месцы ў нумары да бацькоў.
У мадэрнізацыю санаторыяў Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта сёлета за пяць месяцаў укладзена каля 8,5 мільёна рублёў.
— Пры планаванні работы на 2023 год на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы санаторыяў меркавалася накіраваць каля 13 мільёнаў беларускіх рублёў. Падводзячы вынікі мінулага года, мы канстатавалі, што ўсяго на мадэрнізацыю санаторыяў было выдаткована 25 мільёнаў — амаль удвая больш. На сёння па выніках пяці месяцаў у мадэрнізацыю ўкладзена каля 8,5 мільёна рублёў супраць чатырох мільёнаў за аналагічны перыяд летась, — прывяла лічбы Маргарыта Леўчанка.
Яна падкрэсліла, што ва ўсіх санаторыях прымаюцца меры па забеспячэнні якаснага і бяспечнага адпачынку, набываецца сучаснае медыцынскае і тэхналагічнае абсталяванне, праводзяцца маштабныя будаўнічыя работы, паляпшаецца і добраўпарадкоўваецца тэрыторыя.
— Камфортныя ўмовы адпачынку, магчымасці атрымання якаснага лячэння і аздараўлення — «фішка», якой ганарыцца сістэма Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, — дадала Маргарыта Леўчанка.
Пры гэтым з боку адпачывальнікаў вялікі попыт менавіта на санаторыі з максімальна камфортнымі ўмовамі. Найбольшай глыбінёй продажаў і браніравання адрозніваюцца менавіта санаторыі высокай цэнавай катэгорыі.
Па пуцёўцы ў свабоднай рэалізацыі кошт ложка-месца ў стандартным двухмесным нумары у сярэднім па паўгоддзі склаў 102 рублі. Пры гэтым ёсць і больш танныя нумары, і больш дарагія. Суткі знаходжання ў адным з самых дарагіх санаторыяў Беларусі — «Альфа-Радон» — каштуюць каля 600 рублёў, санаторыі «Пліса» — каля 450, санаторыі «Юнацтва» — 300 рублёў. У апошнім за такі кошт, акрамя ўласна пражывання ў камфортным нумары, адпачывальнік атрымлівае трохразавае харчаванне («шведскі стол»), кансультацыю ўрача, наведванне велнэс-центра і пэўны пералік працэдур.
Аднак не толькі да камфорту патрабавальны сучасны адпачывальнік. Апраўдвае сябе і стаўка беларускіх санаторыяў на натуральныя лячэбныя фактары. За гэта іх цэняць тыя ж расіяне, якія складаюць пераважную большасць замежных наведвальнікаў нашых здраўніц.
— Наш цэнтр «Славянскае СПА» ўнікальны тым, што першы і адзіны ў Беларусі ўдастоены сертыфікатаў еўрапейскай якасці «EUROPESPA» і «EUROPESPAMED» за высокую якасць медыцынскіх і СПА-паслуг. У 2022 годзе мы ўвайшлі ў дзясятку найлепшых санаторыяў Еўропы пры пацвярджэнні гэтага сертыфіката. Чэк-лісты штогод мяняюцца, патрабаванні растуць. Спецыяліст, які пацвярджае сертыфікат, прыязджае на некалькі дзён, у яго поўны карт-бланш: ён можа зайсці ў нумары, на кухню, паразмаўляць з любым адпачывальнікам, заходзіць у кожны працэдурны кабінет, глядзіць наяўнасць сучаснага абсталявання, і па шматлікіх крытэрыях пацвярджае сертыфікат, — расказвае намеснік дырэктара санаторыя «Юнацтва» Дзяніс Бяжок. — Нашы спецыялісты спалучылі традыцыйную СПА з аюрведычнай. У нас трэнд на натуральнасць: зёлкі, натуральныя водарасці, гразі. Пры гэтым ад класікі ніхто не адыходзіць, выкарыстоўваецца дарагая касметыка.
Менавіта наяўнасць вялікай колькасці СПА-паслуг прыцягвае сёння ў санаторыі вялікую колькасць маладых людзей.
— Стварылася ўражанне, і яно дастаткова ўстойлівае, што ў санаторна-курортныя арганізацыі ў асноўным прыязджаюць людзі старэйшага ўзросту — 50 гадоў і старэйшыя, — кажа Маргарыта Леўчанка. — Аднак гэта памылковае меркаванне. У «Юнацтве» запатрабаваныя не толькі традыцыйныя фізіятэрапеўтычныя метады лячэння, водалячэнне, гэта значыць стандартныя медыцынскія працэдуры, але і СПА-цэнтр, які прыцягвае на лячэнне, аздараўленне і аднаўленне людзей больш маладога ўзросту. У гэтым цэнтры нашы госці маюць магчымасць аднавіцца, адпачыць, расслабіцца, адмовіцца ад стрэсавых сітуацый, навучыцца іх правільна
пераадольваць.