Амаль ва ўсім свеце ведаюць пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці, якія першымі ў нашай краіне сустрэлі фашысцкую навалу 22 чэрвеня 1941 года. Шмат іх тады палягло пад бомбамі і снарадамі, а таксама ў няроўных баях з праціўнікам. Бо адважныя салдаты і афіцэры гарнізона нават у пякельнай цемры суцэльнай бамбардзіроўкі і абстрэлаў сумелі арганізаваць абарону і даць зразумець ворагу, што не варта разлічваць на хуткую перамогу.


Пліта некропаля.

Пліта некропаля.

Мардвін, яўрэй і 19 іншых

Колькі іх засталося навечна ў зямлі Брэсцкай крэпасці, ніхто дакладна не ведае. У ходзе пошукавых работ знойдзены астанкі 1038 загінулых пры абароне ў чэрвені — ліпені 1941 года, імёны 277 увекавечаны на плітах некропаля, астатнія пахаваны як невядомыя. Паводле слоў загадчыцы навукова-экспазіцыйнага аддзела мемарыяльнага комплексу Святланы Драневіч, устаноўлена, што крэпасць абаранялі воіны трыццаці нацыянальнасцяў і народнасцяў. Сярод іх былі беларусы, рускія, украінцы, татары, яўрэі, калмыкі, грузіны, узбекі, казахі, асеціны. Пад плітамі некропаля знайшлі спачын людзі 21 нацыянальнасці. Подзвіг абсалютнай большасці з іх адкрыў свету рускі пісьменнік Сяргей Смірноў.

А музей абароны крэпасці, які пачаў працаваць у 1956 годзе, пазней мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» заўсёды былі на варце памяці ўсіх герояў крэпасці, незалежна ад іх нацыянальнасці. Тут шанавалі загінулых і прывячалі абаронцаў з усяго Савецкага Саюза, якім пашчасціла застацца ў жывых. Многія з іх прайшлі праз палон, што значна ўскладніла іх далейшае жыццё, наклала адбітак на біяграфію, кар'еру. Але ў Брэсцкай крэпасці іх заўсёды чакалі, з імі перапісваліся, падтрымлівалі, на месцы былых баёў у любы час сустракалі як герояў.

Думаю, далёка не ўсе ведаюць, што легендарны лейтэнант Андрэй Кіжаватаў быў па нацыянальнасці мардвін. На пачатак вайны ён камандаваў 9-й заставай 17-га пагранічнага атрада, якая дыслацыравалася на тэрыторыі крэпасці. Спачатку камандзір разам з байцамі абаранялі заставу, а калі застава была разбіта, паранены, ён далучыўся да іншых вайскоўцаў і кіраваў абаронай казарм 333-га палка і Цярэспальскіх варот. Загінуў у баі, пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Цяпер імя Кіжаватава носіць адна з застаў Брэсцкага пагранічнага атрада. У Брэсце яго імем названа вуліца і ў скверы абаронцаў граніцы ўстаноўлены помнік герою. Дарэчы, вуліца Кіжаватава ёсць і ў нашай сталіцы. А ў вядомым фільме «Брэсцкая крэпасць» ролю камандзіра заставы Андрэя Кіжаватава сыграў Андрэй Мярзлікін, тым самым у пэўным сэнсе таксама ўвекавечыў памяць героя ў кінематаграфіі.

Ёсць у названым фільме яшчэ адзін герой — палкавы камісар Фамін. Яфім Майсеевіч быў адным з кіраўнікоў абароны крэпасці. Параненага, са жменькай байцоў яго захапілі ў палон. Здраднік выдаў ворагу і яго статус, і нацыянальнасць. Яфіма Фаміна не павезлі ў лагер з іншымі, а расстралялі каля сцяны Холмскіх варот. Тут зараз прымацавана мемарыяльная дошка са сведчаннем подзвігу камісара. Каля таблічкі заўсёды ляжаць кветкі. Заўважыла гэта аднойчы зімой, калі не было ніякіх памятных дат, не праходзіла вялікіх мерапрыемстваў. Значыць, ёсць людзі, якім дарагая памяць пра камісара, якога, паводле сведчанняў байцоў, салдаты называлі бацькам. Імя Фаміна носіць вуліца ў Брэсце.

Старшы сяржант Шэварднадзэ

У крэпасці тады служыла нямала выхадцаў з розных саюзных рэспублік. Адзін з іх — Акакій Шэварднадзэ, сын сельскага настаўніка, быў прызваны з сяла Мамаці Ланчхуцкага раёна Грузіі ў 1939 годзе. Служыў даволі паспяхова, у сакавіку 1941 года па выніках вайсковых вучэнняў быў адзначаны загадам камандзіра палка. А ў 1940 годзе ў лісце бацькам і братам ён не без гонару пісаў, што валодае ваеннай тэхнікай, што гатовы абараняць Радзіму і даць адпор падпальшчыкам вайны. Апошні ліст, які атрымалі родныя, датаваны 1 чэрвеня.

Старшы сяржант Шэварднадзэ.

Старшы сяржант Шэварднадзэ.

Матэрыялы пра старшага сяржанта Шэварднадзэ захоўваюцца ў сёмай зале музея абароны. Ён загінуў у першы дзень вайны. Яго брат доўга не ведаў, дзе магіла роднага чалавека, дзе знайшлі спачын астанкі. Брат абаронца крэпасці старшага сяржанта Шэварднадзэ стане ў свой час міністрам замежных спраў СССР. Знайсці магілу Акакія яму дапаможа кіраўнік беларускай кампартыі Пётр Машэраў. А праз 49 гадоў пасля гібелі брата Эдуард Шэварднадзэ прывязе ў крэпасць калегу — Ганса-Дзітрыха Геншэра, віцэ-канцлера ФРГ, які, дарэчы, у самым канцы вайны служыў у вермахце і абараняў Берлін. Тады гэтую сустрэчу называлі глыбока сімвалічнай. Згадваючы пра ўрокі вайны, цяжкасці на перагаворах у фармаце «два плюс чатыры», гібель брата, Шэварднадзэ гаварыў: «Англічане з французамі страшыліся ўмацавання Германіі, ды і ў СССР да ідэі ўз'яднання ставіліся неадназначна, большасць людзей напачатку выказваліся супраць. Яно і вядома: дваццаць сем мільёнаў загінула на вайне, такое не забываецца. Боль пра Вялікую Айчынную жыла ў кожным доме... Наша сям'я — не выключэнне. У 1941-м мне споўнілася трынаццаць, а старэйшаму з маіх братоў Акакію — дваццаць чатыры, ён служыў пагранічнікам у Брэсце і паў у першым баі. Яго магілу я знайшоў з дапамогай Пятра Міронавіча Машэрава, першага сакратара ЦК кампартыі Беларусі, былога партызана. На абеліску сярод імён абаронцаў крэпасці-героя высечана і прозвішча Шэварднадзэ... У чэрвені 1990-га мы з Гансам-Дзітрыхам Геншарам, тады віцэ-канцлерам ФРГ, прыляцелі ў Брэст, разам паклалі кветкі да магілы Акакія. Гэта быў жэст прымірэння, дэманстрацыя таго, што нельга жыць мінулым, трэба глядзець у будучыню».

Даўно ўжо няма ў жывых знакамітага брата абаронцы крэпасці, але яго памяць беражліва захоўваюць музеі мемарыяльнага комплексу. Пра старшага сяржанта з грузінскага сяла заўсёды расказваюць наведвальнікам экскурсаводы. На памятныя даты нязменна кладуцца кветкі да пліты мемарыяла, дзе ўвекавечана імя героя з Грузіі, што аддаў жыццё за Радзіму. (Кветкі, дарэчы, ляжалі ранкам 14 верасня, хоць напярэдадні не было ніякіх мерапрыемстваў. — Аўт.)

«Я з Брэста. Самвел Мацевасян»

Варта сказаць пра яшчэ аднаго легендарнага абаронцу крэпасці — армяніна Самвела Мацевасяна. Да вайны Самвел з адзнакай скончыў Маскоўскі інстытут каляровых металаў і золата. Працаваў спачатку ў Казахстане, затым у роднай Арменіі. Па камсамольскім закліку пайшоў у армію ў 1939 годзе. Накіраванне атрымаў у 84-ы стралковы полк 6-й стралковай дывізіі ў Брэсце. Да пачатку вайны старшына Мацевасян быў намеснікам палітрука і камандзірам аддзялення ў Брэсцкай крэпасці. 22 чэрвеня Самвел Мацевасян стаў адным з кіраўнікоў абароны крэпасці. Ён камандаваў першай контратакай, у ходзе якой аддзяленне знішчыла атрад нямецкіх аўтаматчыкаў, што прарваліся бліжэй да цэнтра крэпасці. На трэці дзень вайны Мацевасян атрымаў раненне асколкам снарада, яго перанеслі ў падвал разам з астатнімі раненымі, дзе ён і быў захоплены ў палон 5 ліпеня 1941 года.

Самвел Мацевасян каля камянёў крэпасці.

Самвел Мацевасян каля камянёў крэпасці.

Самвелу Мінасавічу выпала шмат выпрабаванняў не толькі ў ваенным жыцці, але і ў мірны час, і ніколі гэтыя нягоды не зламалі адважнага воіна, абаронцу... А тады, у 1941-м, з іншымі ваеннапалоннымі яго прывезлі ў лагер пад самым Брэстам. Калі восенню рана зажыла, Самвел уцёк з лагера і далучыўся да атрада партызан. У адным з баёў атрымаў цяжкае раненне і вымушаны быў застацца ў сялянскай сям'і да выздараўлення. Але праз некаторы час яго заўважалі мясцовыя паліцаі, ледзьве паспеў уцячы, трапіў на Валыншчыну, у Луцк. Уладкаваўся на працу ў арцель па рамонце абутку, выйшаў на сувязь з падпольшчыкамі. Пасля вызвалення Луцка быў прызваны ў армію і накіраваны на афіцэрскія курсы, пасля іх заканчэння ў званні лейтэнанта прыняў пад камандаванне штурмавую роту. Удзельнічаў у штурме Берліна. За час баявых дзеянняў яшчэ тры разы паранены. У Берліне распісаўся на рэйхстагу, напісаў: «Я з Брэста. Самвел Мацевасян».

Пасля дэмабілізацыі доўга не мог уладкавацца па спецыяльнасці з-за свайго знаходжання ў палоне і на акупаванай тэрыторыі. Але праявіў упартасць, настойлівасць і ўсё ж трапіў у геолагаразведвальную экспедыцыю ды заняўся любімай справай. Мацевасян быў адным з першых, каму пісьменнік Сяргей Смірноў дапамог вярнуць добрае імя. Дзякуючы хадайніцтву Смірнова, Мацевасян у 1955 годзе быў адноўлены ў партыі з захаваннем партыйнага стажу. А пазней быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, ды прадстаўленне было адхілена зноў жа з-за палону і знаходжання ў Беларусі і Украіне падчас акупацыі.

У 1971 годзе Мацевасян быў удастоены звання Герой Сацыялістычнай Працы. І тады з-за недарэчнай памылкі ў адным з тамоў Вялікай Савецкай Энцыклапедыі жыццё абаронцы крэпасці пайшло наперакасяк. У выданні ён быў названы ў ліку загінулых пры абароне Брэсцкай крэпасці. У ЦК КПСС прыйшла ананімка аб тым, што сапраўдны Мацевасян загінуў, а іншы прысвоіў сабе дакументы і біяграфію. І хоць факты не знайшлі пацвярджэння, з'явіліся іншыя зачэпкі, каб героя вайны выключыць з партыі і пазбавіць зоркі Героя Працы. І толькі ў 1987 годзе справа супраць Мацевасяна была спынена за адсутнасцю саставу злачынства. А ў 1996 годзе званне Героя Сацыялістычнай Працы вярнулі зноў. Памёр гераічны абаронца крэпасці ў 2003 годзе ва ўзросце 90 гадоў. У згаданым мною вышэй «Брэсцкая крэпасць» яго ролю выканаў артыст Бёнік Аракелян.

Рэканструкцыя эпізоду контратакі байцоў Мацевасяна.

Рэканструкцыя эпізоду контратакі байцоў Мацевасяна.

А ў Брэсце подзвіг Мацевасяна шанавалі ўвесь час. І ў музеі абароны, і ў экспазіцыі «Музей вайны — тэрыторыя міру» ёсць раздзелы пра Самвела Мацевасяна. І кожны год, 22 чэрвеня, падчас гістарычнай рэканструкцыі першага дня вайны ўзнаўляецца адзін з галоўных эпізодаў абароны крэпасці пад назвай «Контратака аддзялення Самвела Мацевасяна». Тую смелую атаку ўдзельнікі ваенна-гістарычных клубаў вывучаюць асобна, ужываюцца ў вобразы. Праходзіць яна відовішчна, напружана, захапляльна. Пра гэты знакавы эпізод абароны ведаюць удзельнікі Паста памяці Брэсцкай крэпасці. Пра яе нязменна згадваюць на працягу кожнай змены маладзёжнага ваенна-патрыятычнага цэнтра. У Брэсце жыве памяць пра адважнага армянскага старшыну Самвела Мацевасяна.

Удзячныя сваякі напярэдадні стагоддзя бацькі і дзеда перадалі мемарыяльнаму комплексу некаторыя рэчы, дакументы і муляж Зоркі Героя Працы. Цяпер гэтыя экспанаты знаходзяцца ў экспазіцыі «Музей вайны — тэрыторыя міру», сказала яе загадчыца Алена Грыцук..

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Валерыя КАРАЛЯ і з адкрытых крыніц