— Таленавітыя і адораныя жыхары Касцюкоўшчыны сталі галоўнай фішкай канцэртнай праграмы, — удакладніла метадыст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР Юлія Астапкіна. — Публіка пазнаёміліся з гісторыяй горада, з людзьмі, якія ўслаўляюць сваю родную зямлю. Імёны касцюковіцкіх класікаў ужо ўсім добра вядомыя. Але ў іх ёсць вельмі таленавітыя паслядоўнікі. Гэта члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Азаранка і Мікалай Леўчанка, цікавыя паэткі Ірына Коршунава, Святлана Даськова, Наталля Дробышава. Наталля, дарэчы, аўтар песні, якая перамагла ў конкурсе песеннага тэксту «Вытокі — 2023» і прагучала ў выкананні эстраднага беларускага спевака Тэа.
Гледачы змаглі ацаніць разнастайнасць і народнасць «касцюковіцкіх брэндаў» , якімі з’яўляюцца фестываль паэзіі аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», свята «Ільінскі кірмаш», «Гусінае свята», «Свята бульбы», «Лукаў дзень», «Юр’еў дзень». Традыцыі касцюковіцкай зямлі адлюстраваліся ў фрагменце абраду «Ільінская вадзіца». Продкі збіралі 2 жніўня дажджавую ваду, якой надавалі магічныя ўласцівасці, і прасілі надвор’я на жніво і абароны ад погані.
Чырвонай ніткай праз канцэртную праграму прайшла тэма Вялікай Айчыннай вайны. Памяць аб доблесці і ратным подзвігу салдат на Касцюкоўшчыне моцная. Яна захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Цёплыя эмоцыі дарылі салісты студыі «Шанец», народнага ансамбля «Калініца», народнага вакальнага ансамбля «Альянс», эстраднай студыі «Д.Т.П.», сямейна-роднаснай групы «Радня», ансамбляў «Сяброўкі» і «Касцюковіцкія музыкі». Разыначкай свята стала выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля «Этыкет».
Прэзентацыя Касцюковіцкага раёна стала сёлета другой па ліку ў рамках фестывалю «Беларусь родная, музычная, народная». Першым быў Хоцімскі раён. Зараз эстафету прымае Магілёўскі раён, які выступіць 21 сакавіка.Поспеху касцюковіцкіх артыстаў спрыяла і выступленне на абноўленай сцэне абласнога метадычнага цэнтра з якаснымі светлавымі і гукавымі спецэфектамі.
Фота з архіва Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КАР