Брастаўчаніна Аляксандра Строкача назвалі экскурсаводам года па выніках Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь — 2024», які праводзіцца Міністэрствам спорту і турызму. Найлепшы гід краіны працуе ў Брэсцкім абласным цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.
Упершыню ўзяць удзел у конкурсе «Пазнай Беларусь» Аляксандр вырашыў у 2022 годзе: кажа, спадабаліся намінацыі. «Экскурсавод года», «Матэрыял года», «Фотаздымак года» — тыя з іх, якія я вызначыў для сябе«, — тлумачыць ён. У 2023 годзе будучы найлепшы гід краіны стаў дыпламантам конкурсу. Перамогу прынёс наступны конкурс, хоць заявак на ўдзел у ім было амаль у два з паловай раза больш (1772 заяўкі ў 2024-м, а ў 2023-м — 835). Так што канкурэнцыя ва ўсіх намінацыях была сур’ёзнай. «Звязда» даведалася ў Аляксандра Строкача, якая катэгорыя турыстаў самая складаная і якія якасці вылучаюць добрага экскурсавода.
«Вучыцца трэба пастаянна»
— Што вылучае добрага экскурсавода?
— Пастаяннае імкненне вучыцца. Шукаць невядомыя факты аб, здавалася б, ужо вывучаных маршрутах і аб’ектах, адкрываць для сябе і распрацоўваць для турыстаў новыя маршруты і напрамкі. У Беларусі мноства найцікавейшых месцаў, але сярод іх ёсць «раскручаныя», упадабаныя турыстамі, а ёсць незаслужана недаацэненыя і пры гэтым не менш цікавыя. Ды і пра ўжо добра знаёмыя маршруты нярэдка можна адшукаць нямала адметных гістарычных фактаў. Немагчыма, склаўшы тэкст экскурсіі, напрыклад, у 2005 годзе, потым дваццаць гадоў расказваць турыстычным групам адно і тое ж. Але ў Беларусі, мне здаецца, такіх экскурсаводаў няма: мае калегі сапраўды любяць сваю справу.
Па адукацыі Аляксандр Строкач — гісторык, а значыць, чалавек скрупулёзны, які паважае факты і ўважліва ставіцца да дат. А па натуры — падарожнік і першаадкрывальнік.
— Экскурсіі дазваляюць быць гісторыкам і пры гэтым знаходзіцца ў руху, — тлумачыць ён. — Мне падабаецца знаёміць людзей з Беларуссю, з гісторыяй майго роднага рэгіёна, прычым не толькі гасцей з-за мяжы, але і нашых суграмадзян. Вельмі часта мы ведаем гісторыю сваёй краіны і нават сваёй малой радзімы толькі ў агульных рысах. Распавядаючы беларусам пра нашу гісторыю, прыемна бачыць у іх вачах здзіўленне, а часам — і гонар за краіну.
Дарэчы, лічыцца, што найлепшымі гідамі па тым ці іншым рэгіёне становяцца менавіта мясцовыя ўраджэнцы. З гэтым можна спрачацца, кажа суразмоўнік, але доля праўды тут ёсць.
«Адкуль у іх былі грошы?»
Групы турыстаў Аляксандр Строкач водзіць з 2011 года. Напачатку было складана пераадолець псіхалагічны бар’ер, успамінае ён:
— Важна ўмець не губляцца і не крыўдзіцца, калі здаецца, што цябе не слухаюць. Бывае, групы прыязджаюць не заматываваныя аб нечым даведацца — ад прадпрыемства прапанавалі экскурсію, вось і паехалі. Так і кажуць: раскажыце хуценька, і мы пойдзем у кафэ або па магазінах. Вось тут і важна знайсці нейкі факт, які зацікавіць, паверне думкі людзей у іншае рэчышча.
Людзі запамінаюць у першую чаргу не гістарычныя даты або падзеі, адзначае суразмоўца. У памяці застаюцца пачуцці і эмоцыі — тое, што здзівіла, уразіла:
— Нават калі вам здаецца, што слухалі вас няўважліва, часта напрыканцы маршруту аказваецца, што ваша праца не прайшла дарма. Гэта становіцца відавочна па пытаннях і водгуках пасля экскурсіі.
Якія пытанні задаюць экскурсаводу? Бываюць групы з пытаннямі канкрэтнымі, па сутнасці: які даход прыносіў маёнтак? колькі відаў дрэў высаджана ў парку? што з мэблі, посуду, карцін сапраўды з палаца, а што — адносіцца да той эпохі? Бываюць пытанні зусім нечаканыя (накшталт старога жарту гідаў: «А нагадайце, з-за чаго адбылася дуэль Пушкіна з Лермантавым?»). Бываюць турысты-эрудыты, якія загадзя вышукваюць які-небудзь дробны, нязначны гістарычны факт і высвятляюць, ці ведае пра яго экскурсавод.
— Немагчыма ведаць усё і быць гатовым да ўсяго, — кажа Аляксандр. — Калі экскурсавод нечага не ведае, гэта толькі падстава для яго развіцця.
Ну а часцей за ўсё людзей цікавіць, «адкуль у іх былі грошы», усміхаецца Аляксандр. Ён кажа, гэта пытанне абавязкова прагучыць з вуснаў кагосьці з турыстаў на маршруце Косава — Ружаны з яго раскошнымі палацамі.
Самымі складанымі экскурсантамі гід года — 2024 называе падлеткавыя групы: кажа, сучасных 14—16-гадовых няпроста «выцягнуць з гаджэтаў».
Тут адразу відаць, ці карыстаецца аўтарытэтам у дзяцей педагог, які прывёз іх на экскурсію (а таксама экскурсавод, які яе праводзіць). Калі так, дзеці будуць слухаць экскурсію, не — прыйдзецца шукаць іншыя спосабы завалодаць іх увагай. У такім выпадку важна вызначыць лідара гэтай падлеткавай кампаніі, распавядае Аляксандр, і зацікавіць яго. Тады і астатнія стануць больш уважлівымі.
«Аўдыягід не заменіць экскурсавода»
Сёння расце запыт на ўнутраны турызм. Часта гэта турызм самастойны, калі сям’я проста адпраўляецца ў выхадныя наведаць тыя ці іншыя славутасці. І гэта вельмі добрая тэндэнцыя, адзначае суразмоўца. Але многія гістарычныя аб’екты немагчыма ў поўнай меры раскрыць без экскурсавода, падкрэслівае ён. Так што не лянуйцеся заказваць экскурсіі і не шкадуйце на гэта сродкаў, тым больш гаворка ідзе аб невялікіх сумах.
— Аўдыягід, QR-коды, VR-акуляры — усё гэта выдатная дапамога для турыста. Але пакуль што ніякія інтэрактыўныя сродкі не заменяць экскурсавода, — кажа Аляксандр Строкач.
Беларусі і ў Брэсцкай вобласці ў прыватнасці — вялікія турыстычныя перспектывы, перакананы найлепшы экскурсавод краіны — 2024. Акрамя мноства ўжо распрацаваных маршрутаў, ёсць яшчэ велізарнае поле для дзейнасці. Можна, напрыклад, стварыць маршрут па наваколлі Брэста, кажа ён, або распрацаваць маршруты па заказніках і прыродных аб’ектах. Апошнім часам папулярнымі становяцца экскурсіі па рэках і азёрах Беларусі.
Ну а наступны конкурс — «Пазнай Беларусь — 2025» — стартуе 1 лютага. Прыём заявак працягнецца да 30 верасня, а найлепшых з найлепшых у 13 намінацыях («Я пазнаю Беларусь», «Экскурсавод года», «Турыстычная кампанія года», «Аграэкасядзіба года», «Музей года» і г. д.) назавуць у снежні.