Алебастравая зала стала заключным акордам маштабных аднаўленчых работ. Памяшканне даступна для наведвальнікаў літаральна нядаўна, хаця меркавалася адкрыць яго разам з каралеўскай лазняй і пакоем чыноўніка некалькі месяцаў таму. Але пры ўваходзе ў залу становіцца зразумелым — давесці да канца такую работу было зусім няпроста.


Разам з іншымі наведвальнікамі шукаю алебастравую залу, аб якой вяліся размовы задоўга да яе адкрыцця. Яшчэ тады самі рэстаўратары заяўлялі: маўляў, такога вы яшчэ не бачылі. Праўда, для таго, каб знайсці гэтую незвычайную залу, прыйшлося падняцца праз лабірынты замка хіба што на пяты паверх.

Масіўныя дзверы адчынены і – наведвальнік адразу трапляе ў эпоху Рэнесанса з антычнымі сюжэтамі. Але аб гэтым потым, бо хочацца у першую чаргу разгледзець вялікі камін. Ён займае цэнтральнае месца ў каралеўскім пакоі і ўяўляе сабой збудаванне са складанай шматфігурнай кампазіцыяй з элементамі геральдыкі. Зразумела, што ўсё гэта павінна адлюстраваць статус уладальніка замка. Чым вышэйшы статус, тым пышнейшы камін.

—У нас ён амаль у рост сцяны, — расказвае загадчыца мастацкім аддзелам Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Алена Русачак. — Камін зроблены з пяшчаніка, не каляровы, майстры прынялі рашэнне не фарбаваць яго. У адпаведнасці з камінам выступае і столь з багатым рэльефным дэкорам, размешчаныя па вуглах залы карыятыды, а таксама бюсты вядомых персанажаў антычнасці.

А зараз звернем увагу на роспіс столі і верхняга яруса сцен. Здаецца, што тут сабраны ўвесь антычны пантэон. Вось бог вінадзелаў Дыяніс адорвае віном пастухоў, побач Кронас — бог часу з пясочнымі часамі, непадалёку пасланец багоў, ахоўнік гандляроў Меркурый з крылатымі сандалямі і посахам, які абвіваюць тры змяі. Яны глядзяць адна на адну — гэта сімвал згоды. Бог Янус з двума галавамі — старой і маладой увасабляе пачатак і канец усяго зямнога. Вядома, тут і сам Зеўс са сваёй зброяй — маланкай, Няптун з трэзубцам, яго брат, Аід з Цэрберам... І гэта толькі невялікая частка ўсяго грэка-рымскага пантэона. Пры жаданні можна знайсці яшчэ некалькі дзясяткаў знакамітых персанажаў антычнасці.

Алена Русачак раскрывае сэнс алегарычнай фігуры дабрадзейнасці над камінам. Аказваецца, гэты вобраз павінен адкрыць чалавеку праўду, таму гэта фігура трымае ў руках люстэрка з такім сэнсам: маўляў, люстэрка не хлусіць.

У антычныя кампазіцыі ўпісаны выявы горада Гродна. Гэтыя фрэскі сабраны на аснове двух крыніц — гравюры Цюндта 1568 года і Макоўскага 1600 года. Зборныя фрагменты дазваляюць бачыць, як выглядаў горад падчас праўлення Стэфана Баторыя. Некаторыя будынкі дайшлі да нашых часоў, а некаторыя, на жаль, страчаны.

— Жывапісныя работы і ляпніну выканалі беларускія мастакі Белрэстаўрацыі. Назва залы ўказвае на наяўнасць дэкора з алебастры. Алебастрам з даантычных часоў называлі два розных мінерала — мелказерністыя кальцыт і гіпс. Вырабы з гэтых мінералаў у інтэр’ерах эпохі Рэнесанса сведчылі аб багацці і раскошы. Акрамя гэтага, назва «алебастр» таксама належала матэрыялу, сыравінай для якога служыць гіпсавы камень, змельчаны ў парашок. Старажытныя грэкі і рымляне валодалі гэтай тэхналогіяй і актыўна прымянялі яе пры стварэнні скульптур і барэльефаў, — паясніла мастацтвазнаўца. 

Алебастравая зала — гэта не прыдумка рэстаўратараў. Такая зала, як і іншыя, сапраўды існавала пад такой назвай. Найбольш ранні ўспамін аб Алебастравай зале Старога замка сустракаецца ў інвентары 1650 года, дзе ўказваецца яе знаходжанне — сярэдняя вежа. Зала знаходзілася на верхнім паверсе вежы, мела высокія столі і вялікія вокны. Ёсць меркаванні, што памяшканне служыла месцам адпачынку караля, куды ён ішоў, напрыклад, пасля лазні альбо праводзіў тут час у вузкім коле набліжаных асоб.

Звяртае на сябе ўвагу масіўная мэбля, якая зроблена па ўзору рэнесансных прыкладаў. Набор мэблі, дарэчы мінімальны. Інтэр’ер дапаўняюць напольныя падсвечнікі і вельмі шыкоўная люстра. Яе зрабілі на бярозаўскім шклозаводзе, а каркас — на лідскай фірме.

— Адпачынак тут хутчэй сузіральны, гэтаму якраз — такі і садзейнічае камін і роспісы, сюжэты якіх маюць павучальны сэнс, — зазначае Алена Русачак. — Праўда, Баторый не так доўга пажыў у сваёй гродзенскай рэзідэнцыі, нават не паспеў поўнасцю завершыць перабудову замка пад свой палац. Сучасныя майстры прадставяць старажытны аб’ект прыблізна ў тым выглядзе.

Варта нагадаць, што маштабны праект рэстаўрацыі каралеўскай рэзідэнцыі пачаўся ў 2017 годзе. Летась для наведвальнікаў былі адкрыты музейныя экспазіцыі, у якіх адлюстраваны гісторыя забудовы Замкавай гары, жыццё старажытнага горада, эпоха праўлення Стэфана Баторыя. Дарэчы адсюль, у ХІІ стагоддзі пачаў сваю гісторыя горад над Нёманам. У экспазіцыі сабраны, у тым ліку, артэфакты раскопак.

Напачатку гэтага года адкрылі тры новыя інтэр’ерныя залы — капліца, каралеўская лазня, пакоі чыноўніка. Алебастравая зала завершыла першы этап рэканструкцыі Старога замка. Наступны пачнецца з аднаўлення самога палаца і флігеля. Гэта будзе даволі складаны і працяглы этап. Пакуль работы па ім знаходзяцца ў праектнай стадыі. Але і гэта яшчэ не фініш. Будзе і трэцяя чарга, у рамках якой плануецца ўзвядзенне вуглавой вежы, гаспадарчых пабудоў, адбудзецца кансервацыя Ніжняй царквы ХІІ стагоддзя.

Маргарыта УШКЕВІЧ 

Фота аўтара