Зусім надаўна мы ўжо публікавалі матэрыял пра наш семінар па Ваўкавыскім раёне, але, згадзіцеся, зашмат прыгожых мясцінаў нашай цудоўнай краіны ніколі не бывае. Тым больш, што напярэдадні выйшаў цікавы матэрыял аб тым падарожжы, якім мы проста не можам не падзяліцца з вамі.

карьеры.jpeg

Кажуць, што мора і акіян – лепшыя лекі. Гістарычна склалася, што па такія лекі беларусы выязджаюць за мяжу. Але ёсць і на карце нашай краіны кропка, якая вабіць сваім «райскім антуражам», атмасфернымі фотаздымкамі і крутымі (літаральна так) спускамі. Краснасельскія мелавыя кар'еры – гэта незвычайныя для нашай мясцовасці пейзажы і краявіды, тут прыгажосць наваколля настройвае на класічны пляжны адпачынак.

І адразу ідылія парушаецца рэчаіснасцю, пра якую турыстам і шукальнікам прыгод безнадзейна паўтараюць кожны сезон: адпачынак і купанне забаронены. Сітуацыя з арганізаванымі турыстычнымі групамі іншая: ім дазволяць наведваць «Беларускія Мальдывы». Вядома, з выкананнем усіх патрабаванняў бяспекі.

Мяркую, што любая арганізаваная турыстычная група Краснасельскімі кар'ерамі, няхай нават разам з Музеем ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», не абмяжуецца. Праграма маршруту «На ростанях краіны: падарожжа па горадзе Ваўкавыску і Ваўкавыскім раёне» насычаная і разнапланавая. Нямала часу прысвечана знаёмству з цэрквамі і касцёламі. Гэта цікава, бо архітэктурныя помнікі вельмі розныя, не ўзнікае ўражанне быццам усе будынкі «на адзін фасад», а калі яшчэ і даведацца пра цікавосткі кожнага аб'екта… Вось, напрыклад, касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў аг. Волпа. Гэты звонку вельмі сціплы драўляны храм хавае адразу некалькі арыгінальных рэчаў.

церковь.jpeg

Незвычайна цёмны, аздоблены пазалочанымі элементамі алтар на 150 гадоў старэй за будынак, перанесены са старога касцёла.  Аналагаў гэтаму твору мастацтва на беларускіх землях няма. Паглядзіце, які нязвыклы для каталіцкага храма, яркі і кантрасны, а таму і больш уражальны старажытны алтар сустракае вернікаў у Волпе. 

алтарь.jpeg

Злева знаходзіцца яшчэ адзін алтар. Адметнасць яго ў тым, што фактура дрэва не хаваецца (часта «драўлянае барока» фарбуюць, каб надаць матэрыялам больш вытанчаны і дарагі выгляд). Срэбны бляск калон добра пасуе да кампазіцыі і стварае асаблівы настрой: калі цэнтральны алтар –  мажорны, нават дынамічны лад, то яго сусед злева больш утульны і «дамашні».

иконы.jpeg

Касцёл Святой Троіцы ў г.п. Рось увогуле мае вельмі доўгую гісторыю: будаўніцтва пачалося яшчэ пры канцлеры Гераніме Хадкевічы (гэта XVI ст.). І ў той час храм быў асвечаны як касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Зараз гэта мураваны касцёл (узведзены у пач. XIX ст.), які, падобна святыні ў Волпе, захаваў цікавы артэфакт ад папярэдняга будынка. У ХVII ст. па рацэ Рось сюды прыплыла драўляная скульптура Ісуса Журботнага. Яе ўсталявалі ў касцёле. Першы цуд зафіксаваны ў 1618г. і,  як адзначаюць дасведчаныя людзі, боская дапамога не знікае. Таму нямала падарункаў нясуць вернікі цудадзейнай фігуры Ісуса Журботнага ў цэнтральным алтары.  

статуи.jpeg

У касцёле знаходзіцца саркафаг Соф’і Пац, удавы Фелікса Патоцкага. Жанчына дапамагла аднавіць дах будынка пасля пажару, а калі праз 4 гады яна памерла, грабніцу (работа італьянскага скульптара Джуліа Маскеці) ўсталявалі ў адным з бакавых алтароў.

На фоне папярэдніх храмаў касцёлы ў в. Шылавічы і в. Гнезна здаюцца вельмі маштабнымі, непахіснымі, больш падобнымі на замкі. Напрыклад, касцёл Найсвяцейшай Троіцы – адзін з самых высокіх неагатычных касцёлаў Беларусі. Магчыма, і самы высокі, калі вымяраць вежу і крыж разам.

храм.jpeg

Чырвоная цэгла і белыя абтынкаваныя нішы ствараюць прыгожы кантраст, велічнасць касцёла падкрэслівае і ладны дэндрарый.  І здаецца, што ў гэтай гісторыі таксама меў месца цуд, бо якім чынам невялікі драўляны будынак, больш падобны на звычайную хату (менавіта так і выглядаў будынак на фота 1900г.), ператварыўся ў гэты манументальны помнік архітэктуры? Дарэчы, калісьці касцёл збіраў не вернікаў, а зерне. Тут было зернясховішча, потым – рамонтныя майстэрні трактароў. Так гістарычна склалася…  Прыкладна тое самае склалася і ў касцёле Святога Міхаіла ў в.  Гнезна: святыня пашкоджана падчас войнаў і пажараў, а ў мірны час выкарыстоўвалася як калгаснае сховішча. Цяперашні выгляд касцёла – гэта вынік яго амаль 500-гадовай гісторыі: ад кожнай стыхіі, чалавечай ці прыроднай, будынак цярпеў, але… прыстасаваўся і выстаяў. А зараз знаходзіцца ў спісе помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння.

костёл.jpeg

Прыкладна ў сярэдзіне турыстычнага маршруту нас чакае цікавая «высокая» кропка. У сэнсе зусім не кропка? Гара! Гэта добры момант надаць экскурсіі больш спакойны і сузіральны матыў. «Шведская гара» – узвышша,  якое па форме нагадвае ўсечаны конус. Яе атачае абарончы вал, краявіды адкрываюцца цудоўныя, думкі ляцяць у сярэднявечча, уяўляюцца рыцары і… яны ж з’яўляюцца напраўду, дзякуючы мясцоваму клубу рэканструкцыі. Цікава і дарослым і дзецям, і беларусам і турыстам, словам, ідэя выдатная. І яшчэ пра ўдалыя ідэі…

«Вось я ж яму пакажу маё шляхецтва!», - абяцаў Альпенскі ў творы Дуніна-Марцінкевіча. Жарты жартамі, але «убачыць шляхецтва» у хуткім часе мы зможам. Маёнтак Падароск (сядзіба Бохвіцаў) мае ўсе шансы стаць вялікай прывабнасцю для турыстаў. Месца, ідэя, людзі, легенды – усё гэта спрыяе паспяховай рэалізацыі плана па стварэнні музея беларускай шляхты.

здание.jpeg

Адметна, што нягледзячы на такую класічную гістарычную тэму (гербы, партрэты, радаводы), тое, што ўжо зрабілі сённяшнія ўладальнікі маёнтка, бачыцца шыкоўным спалучэннем сучасных тэхналогій і інтэрактыўнасці. Гэта не сумны манатонны пералік прозвішчаў і званняў, а вандроўка ў мінулае, дзе кожны атрымае сваю порцыю датычнасці ва ўсіх сэнсах. Пакруціць макеты, папляскаць па плячы Напалеона (па чутках ён спыняўся ў гэтых мясцінах, зараз нехта вельмі на яго падобны сядзіць на ложку ў адным з пакояў сядзібы) альбо знайсці свае «шляхетныя карані». Бо, як мяркуе дырэктар  Юрый Меляшкевіч, «шляхта, якая можа сюды прыехаць , якую мы можам тут пабачыць – гэта толькі мы самі. Мы роўныя ўсім шляхетным фаміліям, якія жылі на гэтай зямлі. І першае, што вы сустрэнеце у музеі будзе люстэрка». Годная прапанова, ці не так?

герб.jpeg

Фота і тэкст: Радыё «Беларусь»