Вядома, афіцыйна запланаваныя «народныя гулянні» атрымоўваюцца далёка не заўсёды. Можа падвесці надвор’е, або прадуманая, увогуле, праграма — па тых ці іншых прычынах не знайсці водгуку ў душы патэнцыйных наведвальнікаў... Але калі казаць аб «Вянку сяброўства-2022», а ў прыватнасці, аб выставе-кірмашы каля Бабруйскага Лядовага палаца, у гэтую суботу зоркі відавочна сышліся, і людзі актыўна адправіліся «фестываліць».


Ну, і мы таксама вырашылі з’ездзіць у Бабруйск. Дарэчы, падобныя кірмашы добрыя яшчэ і тым, што часам тут можна адшукаць сапраўды ўнікальныя, эксклюзіўныя рэчы. Пра гэта і пагаворым.

Міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок сяброўства» ў гэтым годзе прайшоў на бабруйскай зямлі ўжо ў 16-ы раз. На працягу шматвяковай гісторыі горад на Бярэзіне славіўся багатымі міжэтнічнымі традыцыямі, так што гэта сапраўды выдатная пляцоўка для падобнага мерапрыемства. Тым больш, сёлета горад адзначае сваё 635-годдзе. Выступленні на фестывалі не носяць конкурснага характару і праходзяць пад дэвізам роўнай значнасці і мастацкай каштоўнасці нацыянальных культур і традыцый, падкрэслілі ў аддзеле культуры Бабруйскага гарвыканкама.

У рамках фестывалю каля Лядовага палаца прайшла выстава-кірмаш майстроў народных промыслаў і рамёстваў. Тут, напрыклад, можна было набыць стыльны шоппер — з машыннай вышыўкай (ад 20 рублёў), або крыху даражэй (ад 25-ці), але з ручной. Шопер — першапачаткова сумка з тканіны для паходаў па крамах — сёння стаў акцэнтным аксэсуарам кэжуал-стылю. Пры гэтым такая сумка настолькі зручная, што ў некаторых сітуацыях проста незаменная — напрыклад, у дарозе або на пляжы. Патрабаванні да аксэсуара — адпаведны памер (туды павінен змяшчацца ліст фармату А4) і, у ідэале, унікальны дызайн. На шоперы наносяць дэвізы і лозунгі, пацешныя малюнкі або рэпрадукцыі вядомых карцін — словам, усё, што так ці інакш адлюстроўвае непаўторнасць яго гаспадара. А значыць, для набыцця шопера майстэрня мастака (або прылавак яго аўтарскіх вырабаў на выставе) — ідэальнае месца: тут вы дакладна знойдзеце які-небудзь экслюзіў, які, магчыма, супадзе з вашым унутраным светам.

— О, шопер «Звязды»! Давайце мяняцца! — весела прапануе мне дзядзечка за прылаўкам, убачыўшы ў мяне ў руках сумку з прома-прадукцыяй нашай газеты.

— А што ў вас ёсць? — вырашаю падтрымаць «менавы гандаль».

— Вось, глядзіце, выбірайце...

З таго, што захацелася набіць — кубачкі з партрэтамі беларускіх пісьменнікаў (яны, дарэчы, карысталіся ў наведванняў папулярнасцю), па 10 рублёў. Тыя ж аўтарскія шоперы з цытатамі з айчыннай класікі («Дызайн сам распрацоўваю. Падтрымлівайце, набывайце! Ёсць яшчэ ды ix такія ж маечкі»). А таксама кубак для гарбаты з беларускамоўнымі назвамі рачных рыб і іх выявамі.

Яшчэ з хэндмэйд-эксклюзіву на кірмашы былі заўважаны вышыванкі — ільняныя або з даданнем бавоўны. Прычым і з ручной вышыўкай таксама! Калі падумаеш, колькі драбнюткіх сцяжкоў трэба было зрабіць, каб нарадзіўся такі складаны ўзор, разумееш, што 100 рублёў за кашулю — гэта ні воднага разу не дорага. Зрэшты, 100 рублёў каштавала самая дарагая, мужчынская вышыванка. Жаночыя і дзіцячыя можна было набыць ад 60.

Акцэнтным аксэсуарам можна зрабіць і аўтарскія вязаныя жаночыя сумачкі з поліэфірнага шнура. У кожную акуратна ўшытая падшэўка, і такой сумачкі дакладна ні ў каго не будзе — яны ў майстрыцы ўсё ў адзіным экзэмпляры, ад 35 рублёў у залежнасці ад памеру. Пляценне вузламі, дарэчы, у старажытнасці надзялялі містычным значэннем. Дзяўчына распавядае, што ў раннім сярэднявеччы гэты від рукадзелля ў шэрагу еўрапейскіх краін быў забаронены — яго асацыявалі з вядзьмарствам. У 1970-х такое пляценне было элементам культуры хіпі. А ў 2022-м звязаныя ў гэтай тэхніцы рэчы можна ўбачыць на высокіх подыумах — напрыклад, у калекцыі Altuzarra ў спалучэнні са строгім офісным лукам. Так што падобная сумачка — каштоўнае набыццё для модніц.

Дарэчы, аб вядзьмарстве і містыцы: у гэтую суботу на кірмашы каля Лядовага палаца можна было стаць уладальнікам і ўпрыгожання-абярэга — у разліку на прыцягненне поспеху ў жыццё для тых, хто верыць, і «проста прыгожа» — для скептыкаў. А можна было купіць спецыяльны набор і зрабіць сваімі рукамі старажытны беларускі абярэг па інструкцыі.

Гліняны посуд з ганчарнай майстэрні прадаваўся ад 15 да 40 рублёў у залежнасці ад памеру і складанасці. Калі вы прыхільнік правільнага харчавання, гатаваць трэба толькі ў гліняным посудзе, распавёў майстар пра свае вырабы. Гліна мае ўласцівасць самастойна рэгуляваць вільготнасць і тэмпературу прадукту. Сценкі глінянага посуду награваюцца павольна і раўнамерна, і прадукты ў ім «тамяцца», а не варацца або смажацца — то бок захоўваюцца ўсе вітаміны і карысныя рэчывы. Да таго ж, ежа астывае павольней: страва доўга застаецца гарачай.

Мастак па дрэве Яўген прывёз на кірмаш посуд з дрэва. Кожнае выраб упрыгожвае кляймо майстра. Суцэльная важкая скалка з ясеня прадавалася за 15 рублёў. Тоўстыя драўляныя кухонныя дошкі і тонкія місачкі захавалі непаўторны ўзор гадавых кольцаў. Драўніна валодае карыснымі ўласцівасцямі: вылучае эфірныя алеі, якія дапамагаюць пры галаўных болях і заспакойваюць нервовую сістэму. Акрамя таго, драўляны посуд мае антыбактэрыйны эфект. А яшчэ — выглядае вельмі стыльна, прычым, відавочна, упішацца абсалютна ў любы інтэр’ер кухні. Коштавая катэгорыя ў майстроў драўлянага посуду — тая ж, што і ў ганчароў: у сярэднім кошты пачыналіся ад 20 рублёў, і далей да 80 за вытанчаныя, у некалькі паверхаў, вазы для садавіны.

Яшчэ адна пазіцыя, што, безумоўна, заслугоўвала ўвагі — натуральная касметыка. Напрыклад, маскі для твару з пятрушкі і падтынніка (мяне запэўнілі, што па старажытных рэцэптах). Або мыла ручной працы.

— Аснова не мыльная. Толькі натуральныя раслінныя алеі і іншыя прыродныя інгрэдыенты. Тэхналогія вырабу такога мыла досыць складаная, затое мыла гіпаалергеннае і вельмі карыснае. Не сушыць скуру, як сінтэтычнае, а наадварот, увільгатняе і робіць аксаміцістай. Вось бярозавае мыла, яно асабліва падабаецца пакупнікам, а гэта шакаладнае. А вось вішнёвае, грейфрутавае.

Пахне мыла сапраўды як пірожныя — хочацца паспрабаваць на смак.

— А гэта крэмавае мыла-бельдзі з аліўкавага алею, такое выкарыстоўваецца ў хамамах. У нас майстэрня ў Магілёве, але па пошце мы працуем з усёй Беларуссю і з Расіяй.

Тут жа, у рамесных радах, прадаваўся і мёд (у сярэднім 8 рублёў палова літра, 16 — літр) і травяная гарбата — 10 рублёў за шклянку «запаркі».

У цэлым, майстры не даражыліся, але пакінуць на выставе значную суму было цалкам рэальна.

Асабліва калі, выдаткаваўшыся на прыгожае, перайсці ў шэрагі, дзе прапаноўвалася смачнае. Сталічныя гастрафэсты звычайна робяць стаўку на розныя віды фастфуду. Тут ежа была, скажам так, у большай ступені арыентавана на сям’ю: на «паесці з дзецьмі і мужам», наесціся і атрымаць не толькі сытасць, але і карысць. Амаль у кожнай палатцы быў суп: ад халадніка (самы хадавы варыянт «першага», улічваючы спякоту) і юшкі да харчо і салянкі. Прапаноўвалася і «гарачае». Напрыклад, сапраўдны узбекскі плоў з баранінай, які прама на вачах публікі гатавалі ў велізарным казане (4,5 рублёў за 100 г). А таксама дранікі (ад рубля да двух, у залежнасці ад начыння або дабавак), закусачныя піражкі (выдатна ішлі да супу), смажанкі, печаная на агні бульба і гародніна. І, вядома ж, шашлыкі, іх было шмат: можна было спрабаваць і параўноўваць. Плюс выключна прымальны цэннік. 100 г шашлыка каштавалі каля 5 рублёў. Сэт ад ААТ «Бабруйскі мясакамбінат» з зразай і каўбаскай — не паверыце, 1 рубель! У цэлым, рубель-паўтара былі досыць распаўсюджанай цаной — і за «Майскі» боршч каля палаткі ААТ «Белшына», і за ледзяной кактэйль «Сэрца былой» ААТ «Чырвоны харчавік».

Дзіцячым забавам адвялі досыць вялікі сектар кірмашу. Тут быў прадстаўлены стандартны набор дзіцячых «атракцыёнаў» (катанне на конях, вяровачныя гарадкі, «стралялкі» па шарыках, батуты і т.д.). Цэннік за дзіцячыя забавы гуманнасцю не здзівіў (як у шэрагах з пачастункам), але ва ўсіх гарадах Беларусі, уключаючы Мінск, ён плюс мінус стандартны, і бацькам добра вядомы. А вось чым можна было парадаваць дзятву цалкам бясплатна — дык гэта магчымасцью падняцца ў кабіну верталёта МНС (туды пускалі ўсіх жадаючых) і пабегаць пад «дажджом», які ладзілі пажарныя машыны. Улічваючы трыццаціградусную спякоту, да дзяцей ахвотна далучыліся і дарослыя.

І, вядома, каля Лядовага палаца працавала палатка «Белпошты», дзе можна было падпісацца на розныя выданні. Тым, хто абраў падпіску на «Звязду» або «Лім» — наша велізарная падзяка!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара