Хто добра працуе, той добра адпачывае. Беларусы працаваць добра ўмеюць. А выбраць найлепшыя варыянты адпачынку можна было на міжнароднай выстаўцы-кірмашы «Адпачынак-2022», якая прайшла ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа». Прадстаўнікі турыстычных арганізацый, санаторыяў, аграсядзіб, забаўляльных комплексаў, прафесійныя краязнаўцы і экскурсаводы сабраліся разам, каб даць старт новаму турыстычнаму сезону. І заадно адразу паказаць турыстам, што цікавага яны могуць убачыць дома, у Беларусі.


Сёлета акцэнт у правядзенні выстаўкі быў зроблены на ўнутраным турызме. Вядомыя турыстычныя мясціны прадставілі свае новаўвядзенні, а малавядомыя маршруты паказалі, чаму варта бліжэй пазнаёміцца менавіта з імі. «У Беларусі вельмі шмат выдатных мясцін, якія варта наведаць: Белавежская пушча, віцебскі край з яго цудоўнымі азёрамі, Брэсцкая крэпасць... Пандэмія, санкцыйны ціск далі нам выдатную магчымасць для развіцця свайго ўнутранага турызму, каб прадэманстраваць свой брэнд. Мы доўга аб гэтым марылі, і сёння нас да гэтага падштурхоўваюць. І мы гатовыя працаваць у гэтым кірунку», — падкрэсліў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук.

Міністр даў параду, дзе беларусам можна цікава адпачыць у Беларусі. Калі дазваляе час, можна з'ездзіць у Гродна, там шмат цікавых турыстычных мясцін, старажытныя замкі і храмы. Традыцыйны, але заўсёды папулярны (у тым ліку і ў замежных турыстаў) маршрут — Брэст, Брэсцкая крэпасць — Белавежская пушча. «Я нядаўна наведаў музейны комплекс «Дукорскі маёнтак», выдатна правёў час. Ён недалёка, літаральна за 30 кіламетраў ад Мінска. З кожным годам у нас з'яўляецца шмат цікавых маршрутаў. Цяпер у кожнай вобласці праходзіць спаборніцтва, кожны рэгіён хоча паказаць сябе як мага лепей. Таму ў нас ёсць што паглядзець і ёсць што паказаць», — расказаў Сяргей Кавальчук. Усе маршруты і турыстычныя аб'екты, пра якія гаварыў міністр, былі прадстаўлены на стэндах.

Сёння ў Беларусі развіваецца 23 віды ўнутранага турызму. Некаторыя з іх ужо набылі папулярнасць, а некаторыя толькі набіраюць армію аматараў. Напрыклад, на выстаўцы актыўна быў прадстаўлены спартыўны турызм. Буйныя спартыўныя комплексы — не толькі пляцоўка для правядзення спаборніцтваў, але і месца, дзе можна актыўна і карысна правесці час кожнаму аматару здаровага ладу жыцця. «Раўбічы, акрамя таго, што сусветна вядомы цэнтр лыжнага спорту, — гэта і цудоўны турыстычны аб'ект. Выдатныя панарамныя краявіды, ёсць цікавы касцёл, абсталяваныя месцы для адпачынку. Там можна выдатна правесці час і адпачыць. Стайкі — таксама і спартыўны, і турыстычны брэнд. Сёння спартыўны турызм становіцца вельмі папулярным, гэта і актыўны лад жыцця, і знаёмства са спортам, і вывучэнне славутасцяў Беларусі», — падкрэсліў міністр спорту і турызму.

Вялікай цікавасцю ў наведвальнікаў выстаўкі карысталіся стэнды з дэгустацыямі, дзе майстры беларускай кухні шматгранна паказалі сябе. Сыры, каўбасы, саленні, сала, ягады, варэнне, мёд, знакамітая беларуская самагонка, дамашні хлеб — гурманам было што ацаніць. Дарэчы, гастранамічны турызм — новы кірунак у беларускім турызме. Але нешта падказвае, што ён вельмі хутка стане папулярным ва ўсіх, хто жадае лепш пазнаёміцца з краінай. Сёння аграсядзібы знаходзяць самыя цікавыя рэцэпты беларускай кухні, сочаць за тэхналогіямі прыгатавання страў і не стамляюцца частаваць сваіх гасцей. Гэтаму віду турызму нават прысвечаны свой каравай-фэст «Бацькава булка», які адбудзецца 19—21 жніўня ў Свіслацкім раёне. Сыты турыст — шчаслівы турыст. Аграсядзібы таксама славяцца сваімі майстар-класамі па традыцыйных беларускіх рамёствах: саломапляценні, ткацтве, ганчарным майстэрстве. На выстаўцы яны паказалі, што кожны чалавек можа зрабіць сваімі рукамі.

Адправіцца ў мінулае і адпачыць у лесе

Сёлета на стэндах выстаўкі пераважна была прадстаўлена даведачная інфармацыя. Магчыма, каб турысты ўбачылі прыгожую карцінку, даведаліся, куды трэба ехаць. А ўжо на месцы ўдзельнічалі ў майстар-класах, знаёміліся з казачнымі персанажамі і нават гістарычнымі асобамі. Але некаторыя ўдзельнікі вырашылі прэзентаваць сябе арыгінальна. Напрыклад, у Бярэзінскі біясферны запаведнік гасцей запрашаў сам Лесавік. Экалагічны турызм дае магчымасць не толькі пазнаёміцца з хараством беларускай прыроды, але і адпачыць ад шуму і мітусні гарадоў. І нават цяжка вызначыць, што сучаснаму чалавеку патрэбна больш. У запаведніках Беларусі распрацаваны пешыя і водныя маршруты, ладзяцца конныя, веласіпедныя і лыжныя прагулкі. Аматары фаўны могуць паназіраць за звярамі ў дзікай прыродзе — найцудоўнейшы заапарк. Прадстаўнікі запаведнікаў сцвярджаюць, што лепшага спосабу зняць стрэс і прыдумаць нельга. Нават не паспрачаешся.

Юравічы вядомыя на Гомельшчыне ўсім са старонак школьных падручнікаў па гісторыі. А сёння на свае вочы можна ўбачыць, як там жылі першабытныя людзі. Музей пад адкрытым небам на ўзгорыстай мясцовасці — гэта новыя веды, адпачынак на прыродзе і фізічныя практыкаванні. І гэта ўсяго за тры рублі — менавіта столькі каштуе квіток, ці, як жартуюць прадстаўнікі музея, корм для маманта.

Усе добра ведаюць гісторыю Полацка, аднаго з самых старажытных беларускіх гарадоў. Турыстычны інфармацыйны цэнтр ФСК «Прыдзвінне» і полацкія рэканструктары прапаноўваюць прайсці частку шляху «з варагаў у грэкі» на дракары «Рубон» — вузкім і доўгім караблі вікінгаў. «У Полацку распрацавана стандартная турыстычная праграма: Сафійскі сабор, манастыр, аглядная экскурсія па горадзе. А мы прапаноўваем турыстам самім атрымаць уражанні ад вандровак і самі сталі часткай гістарычнай падзеі. Распавядаем пра жыццё Полацка ў часы Сярэднявечча, нашы стасункі са скандыдывамі. Карабель не на маторы — яго прыводзяць у рух восем весляроў. Даём магчымасць убачыць, якой была Дзвіна 1000 гадоў таму, яна не змянілася», — расказвае экскурсавод Алена Ізергіна. Адпаведнае музычнае суправаджэнне такой экурсіі таксама ўключана ў праграму. А вечарам на дракары запальваюць факелы.

Пасля падарожжа на караблі вікінгаў варта завітаць у дом друкара. Гаспадар Алег Хвежанка пазнаёміць вас з друкарскім станком, зробленым па макетах Іагана Гутэнберга. На выстаўцы ён прапанаваў гасцям паставіць сургучную пячатку, паглядзець, як раней рабілі паперу, і паўтарыць гэты працэс. Але наколькі цікава гэта рабіць у сапраўдным доме друкара ў абстаноўцы, у якой працаваў сам Францыск Скарына.

Дарэчы, у Полацку распрацаваны і інклюзіўны маршрут па горадзе. Мясцовае ўпраўленне спорту і турызму разам з паралімпійцам Мікалаем Без'язчыным праверыла, наколькі гістарычны цэнтр горада даступны для людзей з інваліднасцю. Работы ў гэтым кірунку яшчэ шмат, але галоўнае, што рэгіёны развіваюць інклюзіўны турызм. Сёння гэта вельмі важны аспект у рабоце турыстычнай сферы.

А госці Навагрудка змогуць адправіцца ў рэтра-падарожжа. Запрашае іх туды гараджанка пачатку ХХ стагоддзя. У праграме — наведванне музея «Страчаная спадчына», рэтра-фотаатэлье, гісторыі з жыцця навагрудчан пачатку ХХ стагоддзя. Для тых, каму цікавыя падзеі нядаўняга мінулага, варта завітаць гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», што пад Мінскам.

Не вельмі звыклы, але вельмі цікавы від турызму — прамысловы турызм. На знакамітыя БелАЗ і МТЗ турыстычныя маршруты не зарастаюць. Цяпер да гэтай кампаніі далучыўся і Мінскі гадзіннікавы завод.

Сябе паказаць і іншых паглядзець

На круглым стале, арганізаваным Міністэрствам спорту і турызму і Дэпартаментам па турызме, спецыялісты прадставілі цікавыя турыстычныя маршруты. У год гістарычнай памяці лідзіравалі маршруты па гарадах, якія на першы погляд не цікавяць турыстаў, але маюць адметную і цікавую гісторыю. Раскрыць свае таямніцы гасцям абяцаюць Рагачоў, Дзяржынск, Маларыта, Ляхавічы. У межах выстаўкі «Адпачынак-2022 « прайшоў і круглы стол, прысвечаны развіццю падзейнага турызму. Спецыялісты сышліся на меркаванні, што будучыня ў гэтага віду турызму ў Беларусі ёсць.

Чакаецца, што ў гэтым годзе адкрываць для сябе Беларусь будуць не толькі беларусы, але і турысты з іншых краін. У прыватнасці, з краін-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. «У мяне няма ніякіх сумненняў , што турысты з краін СНД будуць прыязджаць у Беларусь. Яны проста абавязаны прыехаць. Наша краіна ўнікальная для развіцця турыстычнай галіны. У Беларусі вельмі шмат месцаў, якія на першы погляд не ўяўляюць цікавасці, але калі з імі знаёмішся, разумееш, наколькі яны цікавыя. Наша краіна багатая самабытнай гісторыяй народа і прыгажосцю прыроды. Людзі, якія прыедуць сюды, атрымаюць велізарнае задавальненне», — падкрэсліў Леанід Анфімаў, першы намеснік старшыні выканкама СНД.

Турызм — гэта ўзаемна. Таму свой турыстычны патэнцыял прадставілі Расія, Кыргызстан. Узбекістан зайшоў з козыраў і пачастваў усіх сваім знакамітым пловам. Смачны майстар-клас прайшоў у другі дзень работы выстаўкі. Запрасілі да сябе беларускіх турыстаў Пакістан, Венесуэла, Італія.

Выстаўка «Адпачынак-2022» чарговы раз паказала, што ў Беларусі мноства цікавых месцаў, здольных падарыць незабыўныя ўражанні. Варта толькі зацікавіцца і па-новаму паглядзець на сваю краіну.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД