У межах тыдня навукі 24 мая прайшло выязное пасяджэнне студэнцкага навукова-даследчага гуртка кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта БДУ «Museum».

Студэнты накіраваліся ў Глыбокае, каб пазнаёміцца з экспазіцыяй гісторыка-этнаграфічнага музея і яго навукова-фондавай работай. Падарожжа праходзіла пры падтрымцы ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызме», а таксама ў рамках праекта гістарычнага факультэта «Дыялог культур і рэлігій».

Screenshot_3.jpg

Выпускнік гістарычнага факультэта – заўсёды прафесіянал! Таму па шляху да мэты падарожжа студэнты адпрацоўвалі навык правядзення экскурсіі. Гэта была нялёгкая задача, бо інфармацыя ў шляху ўспрымаецца зусім па-іншаму, чым на аб’екце. Не ўсё магчыма ўбачыць, не ўсё паспяваеш расказаць. Кожны справіўся са сваёй задачай па-рознаму. Некаму давялося распавядаць пра этнаграфічныя асаблівасці рэгіёна, а іншым — пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны (спаленыя вёскі Хатынь, Дальва, Шуняўка былі на шляху падарожжа).

Акрамя павагі і ўдзячных слухачоў, для якаснай працы над расказам быў яшчэ адзін стымул. У выніку галасавання студэнты разам з кіраўніком гуртка дацэнтам Дзянісам Філіпчыкам абралі пераможцу. Ім аказаўся студэнт 2 курса Сяргей Крачкоўскі. Ён атрымаў прыз ад Нацыянальнага агенцтва па турызме і гуртка «Museum».

Screenshot_1.jpg

З экспазіцыяй Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея студэнтаў пазнаёміў выпускнік кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў Ігар Фёдараў. Ён падзяліўся ўласным досведам працы ў музеі, падкрэсліў, што ўніверсітэцкія веды спатрэбіліся адразу, ужо ў першыя дні працы.

Наведаць экспазіцыю музея можа кожны жадаючы, а вось пазнаёміцца з фондамі — толькі прафесіяналы. Пасля экскурсіі мы накіраваліся менавіта ў фондасховішча. Там галоўная захавальніца пазнаёміла з умовамі, у якіх захоўваюцца музейныя прадметы. А вось сапраўды ўнікальная магчымасць для ўдзельнікаў выязнога пасяджэння гуртка адкрылася нечакана. Нам дазволілі патрымаць у руках сапраўдны артэфакт — адзін з маляваных дываноў самаго Язэпа Драздовіча!

Screenshot_2.jpg

Маляваныя дываны сталі пачаткам яшчэ адной важнай тэмы пасяджэння — захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Глыбоцкі раён з’яўляецца ўзорным у адносінах работы з такімі прадметамі. З практычным досведам у гэтай галіне студэнтаў пазнаёміла метадыст па народнай творчасці Наталля Нікіфаровіч. Яна правяла прэзентацыю элементаў НКС Глыбоцкага раёна, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, расказала аб практычным значэнні дадзенай работы, узаемадзеянні з носьбітамі традыцыі.

Screenshot_4.jpg

З нематэрыяльнай спадчынай і спосабамі яе захавання студэнты прадоўжылі знаёміцца ў першым у краіне доме рамёстваў. Народны майстар Беларусі Святлана Скавырка правяла майстар-клас па тэхналогіі стварэння маляваных дываноў, паказала майстэрні і характар працы ў гэтай галіне.
Экскурсія па горадзе спалучылася наведваннем самых вялікіх храмавых падзямелляў у Беларусі, якія на дадзены момант даступны для агляду. Цэгла-пальчатка, дахоўка, прадметы побыту і рэлігійнага культу — праваслаўны храм Нараджэння Маці Божай аказаўся сапраўднай скарбніцай матэрыяльнай культуры. Юрый Калбасіч расказаў аб асаблівасцях інтэр’еру, абразоў, гісторыі рэстаўрацыі былога кармеліцкага касцёла.

Screenshot_5.jpg

Выязное пасяджэнне гуртка «Museum» завяршылася падвядзеннем вынікаў, узнагароджваннем пераможцаў. Былі вызначаны новыя накірункі для навуковай распрацоўкі (будаўнічыя матэрыялы на беларускіх землях у ХVI-XVIII стст., традыцыйнае ганчарства, развіццё выцінанкі) і намечаны наступны музей для наведвання — першы і адзіны ў краіне Музей беларускай маляванкі ў Заслаўі.