Па ўліковай колькасці Бабруйскай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў у Бабруйскім раёне знаходзіцца больш за 150 высакародных аленяў. Парнакапытных рассяляюць па ўсёй Беларусі па дзяржаўнай праграме «Беларускі лес».


Гэтую праграму распрацавалі ў 2016 годзе. Яе мэта — садзейнічаць развіццю лесагаспадарчай галіны, эфектыўнаму выкарыстанню лясных рэсурсаў, абароне экалагічнай і сацыяльнай ролі лясоў. Комплекс мер уключае рассяленне аленя высакароднага, каб пашырыць арэал, павялічыць колькасць яго папуляцыі і аптымізаваць вядзенне паляўнічай гаспадаркі.

Высакародныя алені — карэнныя насельнікі беларускіх лясоў. Парнакапытныя пасяліліся тут пасля адступлення апошняга ледніка. У XII–XVI стагоддзях іх папуляцыя была шматлікай, але ў XVIII стагоддзі гэтыя жывёлы падвергліся знішчэнню.

Да першых спроб іх рассялення на тэрыторыі Беларусі прывяло захапленне імператара Аляксандра II паляваннем на высакародных аленяў: у 1865-м з Сілезіі ў Белавежскую пушчу завезлі 5 самцоў і 13 самак. Так паляўнічыя амбіцыі паспрыялі адраджэнню гэтага віду.

У 2019 і 2020 гадах Бабруйская РАС выйграла тэндэр Магілёўскага ДВЛГА на права заключэння дагавора па выкананні мерапрыемства «Рассяленне аленя высакароднага ў паляўнічых угоддзях».

— Па выніках тэндэру, — распавядае дырэктар Бабруйскай РАС Сяргей Дабравольскі, — у 2019-м нам было выдзелена больш за 72 тысяч рублёў, у 2020-м — каля 76 тысяч. Бюджэт фарміруецца са дзяржпошлін, якія штогод плацяць паляўнічыя за права паляваць.

Быт высакародных

Бабруйскі раён прыняў да сябе дзве партыі высакародных аленяў. У снежні 2019 года паблізу вёскі Дойнічава Глушанскага лясніцтва пасялілі 36 асобін, набытых на ферме па развядзенні аленяў у Калінкавіцкім раёне. Другую партыю з 27 асобін супрацоўнікі Бабруйскай РАС закупілі ў Прыпяцкім запаведніку ў снежні 2020-га.

— У Калінкавічах аленяў разводзяць у закрытых вальерах, — адзначае Сяргей Антонаў, старшы егер, выконваючы абавязкі паляўніцтвазнаўцы. — Яны ўкормленыя, з біркамі ў вушах. А вось з Прыпяцкага запаведніка да нас прыбыла дзікая папуляцыя. Абедзве партыі даглядаў егер Осаўскай і Сычкоўскай паляўнічых БТПР Міхаіл Шаламкоў.

Першыя паўгода алені жылі ў спецыяльна абсталяваным вальеры плошчай 11 га. Падчас ператрымкі егеры кармілі рагатых, даглядалі іх і апрацоўвалі ад паразітаў.

— Жывёлам неабходна адаптавацца, прывыкнуць, што іх кормяць у адным месцы, каб яны працягвалі жыць на тэрыторыі нашых паляўнічых угоддзяў, — кажа Сяргей Антонаў.

У ліпені 2020 года за межы вальера выйшла першая партыя высакародных аленяў, у ліпені 2021-га — другая. Калі прыходзіць час, егеры Бабруйскай РАС здымаюць частку сеткі, адчыняюць вальер і ціха сыходзяць. Жывёлы паступова вывучаюць новую тэрыторыю, але працягваюць трымацца паблізу вальера.

Пасля выпуску парнакапытных на волю егеры і далей прыглядаюць за рагатымі падапечнымі. Пры суровых умовах надвор’я, калі здабыць ежу ў лесе практычна немагчыма, супрацоўнікі БТПР падвозяць да месца былога вальера корм: капусту, буракі, моркву, бульбу, авёс. Незаменным кампанентам рацыёну высакародных аленяў з’яўляецца соль. Яна аптымізуе працэс стрававання, дапамагае засвоіць пажыўныя рэчывы, удзельнічае ў пабудове мяккіх і касцяных тканак.

Зайздросны апетыт жывёл змушае мясцовых жыхароў скардзіцца супрацоўнікам БТПР: пасяленцы часта зазіраюць у чужыя агароды, каб паласавацца ўраджаем.

— У вёсцы жыхары не агароджваюць свае агароды, — расказвае Сяргей Дзянісовіч. — З лесу выходзіць група аленяў, яны не бачаць перашкод і таму з’ядаюць усё, што трапляецца.
Спецыялісты раяць мясцовым жыхарам устанаўліваць агароджы на сваёй тэрыторыі.

Небяспекі вольнага жыцця

Паляваць на высакародных аленяў у Бабруйскім раёне забаронена: колькасць папуляцыі недастатковая. На тэрыторыі паляўнічых БТПР не было выпадкаў незаконнага палявання на гэтых парнакапытных. Сумесна з супрацоўнікамі Бабруйскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету работнікі БТПР ахоўваюць сваіх жывёл, бо браканьерства не выкараніш.

Акрамя браканьераў высакародным аленям пагражаюць ваўкі. Аднаму ваўку патрэбна тона мяса ў год, таму захавальнікі бабруйскіх лясоў праводзяць работу па мінімізацыі колькасці папуляцыі гэтага драпежніка ва ўгоддзях Бабруйскай РАС. За мінулы год прадстаўнікі БТПР здабылі 13 ваўкоў.

Існуе яшчэ адна пагроза для парнакапытных — аварыі на дарогах. Паводле інфармацыі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, толькі ў першае паўгоддзе 2022 года ў выніку ДТЗ загінулі 1496 паляўнічых жывёл, у тым ліку 33 высакародныя алені.

— Два гады праляцелі незаўважна, — дзеліцца ўражаннямі суразмовец. — Працаваць з высакароднымі аленямі вельмі займальна. Пасля выпуску другой партыі вальер дэмантавалі. Купляць трэцюю партыю ў Бабруйскай раённай арганізацыйнай структуры БТПР пакуль не плануюць.

Анастасія АНІШЫНА

Фота Аляксандра ЧУГУЕВА