Нацыянальнае агенцтва па турызме працягвае адкрываць Беларусь не толькі для гасцей нашай краіны, але і для саміх беларусаў. Шэраг выязных адукацыйных семінараў, што ладзіліся на працягу года, пазнаёмілі спецыялістаў туріндустрыі, журналістаў і фатографаў з рознымі славутасцямі і незвычайнымі маршрутамі. Некаторыя з наведаных мясцін былі добра знаёмыя, бо заставаліся «на слыху» і даўно стракацелі яркімі фарбамі на старонках рэкламных буклетаў. Некаторыя, наадварот, не маглі пахваліцца натоўпамі турыстаў, але пры правільным падыходзе папросту перавядуць свой патэнцыял у паўнавартасны аб'ект кшталту must see.
Аднак ёсць і яшчэ адзін маршрут, які знаходзіцца паасобку ад звычайных экскурсій. Ён мімікрыраваў пад нейкую гаспадарчую недагледжанасць дзесьці ў спальным раёне… І атрымалася настолькі натуральна, што нават мясцовыя жыхары з большага не ведаюць, што тут адбывалася падчас Вялікай Айчыннай вайны. А ведаць трэба.
Некаторыя турыстычныя маршруты не патрабуюць дапамогі экскурсаводаў, гіпатэтычна: нешта чулі, штосьці знайшлі ў інтэрнэце, а, можа, добры сябра – неблагі апавядальнік і выдатна ведае экспазіцыю. Ці ўвогуле робіш прыгожыя здымкі на фоне палацаў або касцёлаў – разумееш, дзе знаходзішся і як удала падпісаць кадр.
Масюкоўшчына. Шталаг № 352. Гэта тое месца, дзе, каб зразумець, убачыць, нават адчуць тое, што адбывалася на гэтым кавалачку зямлі, патрэбен экскурсавод. Няма ні інфармацыйных таблічак, ні спецыяльных абазначэнняў, ні даведачнай інфармацыі, не кажучы пра QR-коды. А гісторыя – ёсць. І гісторыя трымаецца ў памяці і спрабуе стаць крыху відавочнай дзякуючы чалавечаму энтузіязму.
З 1941 па 1944 год на тэрыторыі былога ваеннага гарадка каля вёскі Масюкоўшчына быў размешчаны лагер для савецкіх ваеннапалонных шталаг № 352. Дрот, тры метры ўвышыню, па якім пускалі ток уначы. Ахова па знешнім і ўнутраным перыметры. Харчаванне, якое хутчэй не падтрымлівала жыццё ваеннапалонных, а яго скарачала: эрзац-хлеб і баланду трэба атрымаць у чарзе, а калі не было аніякай тары – застацца і без гэтай пратухлай вадкасці. Пры паступленні забіралі абутак і выдавалі дряўляныя калодкі, якія значна абмяжоўвалі магчымасць хутка перамяшчацца. Смяротны холад (менавіта з зімой звязаны самы страшны перыяд для ваеннапалонных у Масюкоўшчыне), катаванні, фізічная праца, і, у рэшце рэшт – эпідэмія тыфу. Здаецца, выжыць у такіх умовах – цуд. А здзейсніць уцёкі? Экскурсавод Дзмітрый Марозаў расказвае фантастычную гісторыю, якая павінна легчы ў аснову сцэнарнага плана фільма. Не менш.
Партызаны абстралялі машыну каменданта лагера. Той, ранены ў нагу, вельмі занепакоіўся за ўласную бяспеку і папрасіў спецыяльны браніраваны аўтамабіль. Атрымаў нават два экземпляры, не вельмі надзейныя, аднак вельмі маленькія, ласкава названыя «труна на колах». На гэтых аўтамабілях камендант часта выязджаў на стрэльбішча праз заходнія вароты. Адпаведна для ахоўнікаў шталаг № 352 стала звыклым бачыць гэты «картэж». Сярод ваеннапалонных нарадзіўся рызыкоўны план – уцячы на браневіках. Пятнаццаць чалавек здолелі ажыццявіць гэтую неверагодную ідэю – у жывых засталіся трынаццаць. Калі немцы пайшлі на абедзенны перапынак, салдаты (загадзя зрабіўшы дублікаты ключа запальвання і запазычыўшы нямецкую фуражку) нейкім цудам уціснуліся ў маленькія браневікі. Паехалі. Памахалі фуражкай у назіральнае акно. Унутрана рыхтаваліся да бою. Магчыма, у думках развіталіся з сем'ямі і сябрамі. Проста пасігналілі. А ім проста адчынілі дзверы. І праз заходнія вароты шталаг № 325 ваеннапалонныя паехалі насустрач… свабодзе? З энтузіязмам зацягнулі песню, але такі прыпадняты настрой панаваў нядоўга, бо заглух спачатку адзін бранявік, а потым і другі. Ваеннапалонныя працягнулі свой шлях па адзіночцы, некаторыя далучыліся да партызан. І калі гэта гісторыя нагадвае больш-менш удалы баявік, то большасць выпадкаў, звязаных са шталагам № 352 – экранізацыя жудасная.
Частка ваеннапалонных дастаўлялася па чыгунцы, але некаторыя дабіраліся пешымі калонамі. Мясцовыя жыхары, сведкі тых часоў, успаміналі, што вараннё бясконцай чарадой кружыла ўздоўж дарогі на Масюкоўшчыну: шмат загінуўшых заставаліся ў і равах. «На тэрыторыі шталага № 352 штодзённа выносілі каля 100–150 трупаў. Зімой целы ўмярзалі ў снег, каб пагрузіць іх на двухколку, рэшткі ваеннапалонных літаральна аддзіралі часткамі або выкарыстоўвалі лом», – працягвае страшную тэму наш экскурсавод.
Паўстае вечнае экзыстэнцыяльнае пытанне: «У чым сэнс жыцця? Ці варта за яго чапляцца?». Спрабуем знайсці адказ з Дзмітрыем: «Людзі існавалі ў сітуацыі вельмі складанага, практычна немагчымага выбару. Пайсці на супрацоўніцтва з немцамі і застацца жывым (пакуль што) ці штодзень чакаць уласнага забойства па мільёне магчымых прычын, ці павольна паміраць ад знясілення і хвароб?.. У многіх не заставалася сіл на барацьбу. Медыкі (а сярод іх быў і вядомы пісьменнік Сцяпан Злобін) спрабавалі ўсяліць іскру жыцця ў сваіх падапечных. Збіралі хвойныя іголкі і рабілі адвары, здабывалі такім чынам які-ніякі вітамін С». Дарэчы, калі звярнуць увагу на нядаўні фотаздымак: зараз, у лістападзе вакол былога харчаблока – зялёная трава. У ваенныя часы такой раскошы не было, пейзаж – зямельнага колеру, бо з'ядаліся трава, кветкі і лісточкі, літаральна ўсё, што расло.
Array