Гэты тыдзень быў аб'яўлены тыднем роднай мовы, таму мы проста не маглі не ўзгадаць пераможцаў намінацыі «Расказ аб малой Радзіме»  нашага штогодняга турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь». Таму на гэтым тыдні прадстаўляем вам лепшых ў дадзенай намінацыі ў 2020 г.!

І пачынаем з расказа аб Палессі, а менавіта, аб Пінску:


…Расплюшчы вочы. Бачыш, ляціць страла? Нават не спрабуй ухіліцца, дарэмная справа! Яна трапіць у самае сэрца, абудзіць у ім вясёлку неверагодных эмоцый. Аб гэтым распавядаюць палітыкі, гісторыкі, майстры слова і пэндзля, дасціпныя краязнаўцы, звычайныя аматары вандровак… Тыя, хто не змаглі ёй супраціўляцца. Не, нават і не хацелі! Доказы перад табой!

Глядзі, тут вялікі князь Войшалк – чалавек з няпростым лёсам, уратаваны стралой. За ім вядомая Pinensis domina – Бона Сфорца, што з гаспадарскім імпэтам утаймоўвала непакорную зброю.

Адчуй непераадольнае хваляванне шведскага кіраўніка Карла XII падчас іх даўнейшага знаёмства. А вось і польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які сам скіраваўся ў яе пошуках.

Звярніся да творчай спадчыны асветніка Адама Нарушэвіча, прасякнутай асаблівым пачуццём удзячнасці лёсу за сустрэчу з меткай стралой. Там неабсяжны свет думак, супярэчлівых адчуванняў: спачатку чагосьці квітнеючага, а потым неперадавальна панурага…

Знайдзі яе яскравы адбітак у работах геніяльнага майстра Напалеона Орды. Перад табой паўстане сівая гісторыя: маляўнічае Лешча, такі непадобны на сябе Каралін…

Зірні на фотакалекцыі Соф’і Хамянтоўскай і амерыканкі Луізы Арнер Бойд! Іх дапытлівыя натуры таксама скарыліся пад імклівым напорам.

Пагартай творы і ўспаміны Якуба Коласа, Аляксандра Блока, Яўгеніі Янішчыц, Уладзіміра Караткевіча… Ты будзеш здзіўлены, які глыбокі след яна пакінула ў іх сэрцах, гатовых яшчэ раз перажыць незабыўны момант першай сустрэчы.

Узгадай імя кардынала Беларусі Казіміра Свёнтака… Герой свайго часу, якому страла ўказала на шлях клапатлівага і самааданага служэння вернікам і краіне…

У гэтым агромністым спісе і маё імя… І я бязмежна гэтаму рада. З’явішся ў ім і ты, калі твая душа прагне новых уражанняў і дзівосных прыгод. Ты вернешся сюды, каб скарыцца перад стралой ізноў. Так было. І гэтак будзе… Думаеш, дзе з ёй спаткацца? Я табе падкажу. Трымай адрас:

Сэрца Беларускага Палесся,
там дзе воды Піны і Прыпяці лашчаць берагі, а залатая страла на чырвоным фоне праз стагоддзі праслаўляе імя, імя маёй малой Радзімы...
Пінск, я люблю цябе!

Бачыла Ірына, ганаровая грамата

P.S. І некалькі фотаздымкаў ад нас, для большага эмацыянальнага пагружэння ў расказ


Сэрца Беларускага Палесся (прысвячаецца тыдню роднай мовы)
Сэрца Беларускага Палесся (прысвячаецца тыдню роднай мовы)
Сэрца Беларускага Палесся (прысвячаецца тыдню роднай мовы)
Сэрца Беларускага Палесся (прысвячаецца тыдню роднай мовы)