Наступны расказ аб малой Радзіме, з якім мы ўзгадваем пераможцаў нашага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» (з нагоды тыдня роднай мовы) так яскрава апісвае горад Лоеў, яго гісторыю, так пранікнуты пачуццём патрыятызму, што проста не мог не быць адзначаны дыпломам. Прапануем яго вам:

Сведка гісторыі


Малая радзіма...

У кожнага чалавека ёсць той маленькі куточак на Зямлі, які даецца яму разам з матчыным малаком аднойчы і на ўсё жыццё. Для кагосьці малая радзіма – гэта вёска з ранішнім крыкам пеўняў, цырканнем малака, для другіх – гарадская вуліца і ўтульны зялёны дворык з гушкалкамі. Для трэціх – бацькоўская хата, дзе ты нарадзіўся, зрабіў першыя крокі і навучыўся гаварыць...

Словам, у кожнага малая Радзіма свая. І толькі любоў да яе, пашана да запаветных багаццяў і духоўных каштоўнасцей яднае ўсіх нас.

Лоеў – чароўны і непаўторны край. Край дняпроўскіх хваль, маляўнічых лугоў і лясоў, край гасцінных людзей. Ён багаты на гістарычныя каштоўнасці, якія пакінулі нам прашчуры.

Стаіць над сівым Дняпром, на правым яго беразе, велічавы двухпавярховы будынак – былое памесце лоеўскага купца Навума Доўгіна. Будынак быў пабудаваны яшчэ ў 1874 годзе.

Аб чым жа ён думае? Магчыма, праз тоўшчу стагоддзяў, пад ціхі плёскат хваляў даносіць ён да нас звесткі аб жыцці далёкіх продкаў, прыгадвае свайго першага гаспадара Навума, які разам са сваімі сынамі займаўся сплавам лесу на баржах уніз па Дняпры.

Тут бурліла жыццё. Кожны дзень да прыстані, якая знаходзілася побач з будынкам, прыставалі баржы з розным грузам, які неабходна было хутка разгрузіць. І закіпала праца...

У маім доме, згадвае будынак, было дваццаць пакояў. Першы паверх выкарыстоўваўся як гасцініца і кантора. Тут заключаліся ўсе важныя і гандлёвыя здзелкі, а за чашкай духмянай гарбаты абмяркоўваліся розныя пытанні. На другім паверсе жылі гаспадары. У сям’і было васьмёра дзяцей. Яшчэ і зараз чую іх дзіцячы смех, вясёлыя жарты, калыханку, якую спявала гаспадыня сваім дзецям. Дубовыя ложкі, шафы, зробленыя лоеўскімі майстрамі-ўмельцамі, дыхаюць цеплынёю і спакоем.

Час бяжыць, не стаіць на месцы, даўно ўжо няма тых, хто мяне будаваў, хто нарадзіўся і вырас тут...

Я – сведка гісторыі Лоева, аднаго з найлепшых куточкаў нашай неабдымнай Зямлі. Я шчаслівы, што быў пабудаваны менавіта тут. Ніякія ліхалецці і войны не змаглі патушыць агонь майго замілавання да гэтай зямлі, да людзей, якія жылі,працавалі і змагаліся за сваю зямлю. Мае вокны-вочы глядзяць сёння на Манумент Славы ў гонар воінаў 61-й і 65-й армій, што вызвалялі Лоеўшчыну ад ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на пляцоўку баявой тэхнікі ваенных чосоў. Маё сэрца шчыміць яшчэ і сёння за тых, хто аддаў сваё жыццё за лепшае будучае.

Я – сведка сённяшняга дня. Сёння я – раённая бібліятэка, куды кожны дзень прыходзяць наведвальнікі, каб атрымаць цікавую інфармацыю, прагартацць часопіс, падрыхтавацца да заняткаў і проста з асалодаю правесці вольны час. Я чую галасы дзяцей, дарослых. Адны з іх гавораць: «Нам, лаяўчанам,пашанцавала нарадзіцца ў такім цудоўным райскім куточку. Добра летнім ранкам прайсціся па шырокіх і прыгожых вуліцах гарадка, які ўвесь патанае ў моры кветак і зеляніны». Другія з захапленнем дадаюць: «Узышоўшы на высокі правы бераг Дняпра, назіраеш, як прыгожа сцелецца туман над воднай гладдзю, і пачуццё радасці напаўняе цябе».

Галасы гучаць і гучаць, а мне так хораша і ўтульна. Лёс адвёў кожнаму з нас свой зямны куточак, дзе нараджаецца чалавек, дзе кожны дзень сустракаецца са сваімі знаёмымі, радуецца іх поспехам і дасягненням, дзе кожны дзень сонейка, здаецца, свеціць цяплей чым дзе. Гэта і ёсць бясцэнны дар жыцця, які суправаджае чалавека на планеце Зямля. Пройдзе час – і сённяшні дзень заўтра ўжо будзе гісторыяй.


Крупейчанка Марыя, Лоеў

лоев 1.jpg