Працягваючы нашу тэматыку лепшых расказаў турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь – 2020», мы дабраліся да пераможцы, якая напісала пра сваю малую Радзіму. У минулым годзе, дарэчы, мы пісалі пра Грушаўку і гісторыю гэтага месца.
Яшчэ раз віншуем з тыднем роднай мовы і прапануем вам дадзены расказ:
Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца.
Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна…
У. Караткевіч
…Калі ехаць старадаўнім гасцінцам на Клецк, то праз пяць кіламетраў ад раённага цэнтра вы не зможаце не ўбачыць два шэрагі агромністых ліпаў, якія прывядуць вас ў невялічкую, але разам з тым сусветнавядомую вёсачку Грушаўка Ляхавіцкага раёна – радзіму нацыянальнага героя, сапраўднага патрыёта, Тадэвуша Рэйтана.
Мне пашанцавала нарадзіцца, зрабіць першыя крокі і сталець на такой гераічнай зямлі. Калі кожную раніцу ў вокны майго пакоя задуменна глядзіць былая сядзіба, а цені мінулага і пранізлівыя ўспаміны, здаецца, чакаюць на кожным кроку, я не маю права не захаваць усё гэта для будучых пакаленняў.
Першае ўпамінанне пра Грушаўку адносіцца да 1551 года. З канца ХVІІ стагоддзя ёю ўжо валодалі Рэйтаны. Сядзіба належала ім амаль тры з паловаю стагоддзі, да 1939 года. Самым вядомым прадстаўніком роду з’яўляецца Тадэвуш Рэйтан, які быў выбраны дэпутатам Сойма Рэчы Паспалітай ад Навагрудскага ваяводства ВКЛ ад і выступаў супраць Першага падзелу Рэчы Паспалітай, не выпускаючы дэпутатаў з залы паседжанняў, лёг перад выхадам са словамі “Забіце мяне, не забівайце Айчыну!”. Гэты пратэст знайшоў сваё адлюстраванне на карціне Яна Матэйка “Рэйтан”. Найбольшы росквіт сядзіба атрымала, калі яе уладарамі сталі Юзаф Грабоўскі і яго жонка Аліна. Тут размяшчаліся цагляны і вінакурны заводы, некалькі млыноў, сукнавальня. У канцы XІX стагоддзя Юзаф на месцы старога каменнага дома пабудаваў драўляны, які захаваўся да нашага часу.
Трапіць на дзядзінец сядзібы можна прайшоўшы уздоўж каменных слупоў (рэштак агароджы) па брукаванай дарозе ў абрамленні векавых дрэў. Кожнае дрэва старадаўняй ліпавай алеі – гэта сапраўдны твор мастацтва, галіны якога напамінаюць падсвечнік. Колькі б разоў я не праходзіла уздоўж сядзібы, яна заўсёды ўражвае сваёй веліччу і прыгажосцю. Драўляны дом на высокім фундаменце, у якім захаваліся рэшткі былой велічы, узвышаецца над усёй вёскаю, быццам і да гэтага часу сочыць за навакольным жыццём. Камяні на бруку помняць крокі былых гаспадароў. Гаспадарчыя пабудовы з чырвонай цэглы патрабуюць ад нас быць такімі ж дбайнымі гаспадарамі. Мураванка, у якой правёў апошнія гады свайго жыцця Тадэвуш, задуменна глядзіць удаль пустымі аканіцамі. А бліскучае маніста возера, таямнічы подых парку з векавымі дрэвамі спрадвек вучылі думаць, разумець, бачыць і любіць хараство беларускага краявіду.
І мне заўсёды здаецца, як толькі апошнія сонечныя промні апусцяцца за небасхіл, усё наваколле асвеціцца незвычайным святлом нябачных свечак-ліпаў. А праз хвіліну ажыве і ўся сядзіба: загарыцца агонь у вокнах, напоўняцца цяплом пакоі ад агню ў камінах, зашалясцяць старонкі кніг у багатай бібліятэцы, будзе паскрыпваць дубовы паркет пад нячутнымі крокамі вытанчаных сілуэтаў былых гаспадароў…
І, менавіта тут, у гэтым гістарычным месцы, прагучала колісь першае прызнанне ў каханні. І потым шчаслівы бацька вучыў маленькага сына жыццю. І разам яны выбіралі дрэўца, каб пасадзіць яго каля дома. Дрэва расло поруч з людзьмі, і ў сына нараджаўся сын, які таксама не ўяўляў радзімы без сваёй вёсачкі, і рабіў усё, каб захаваць мілы куток. Спрадвечны кругазварот прыгажосці і прызнання ў любові да малой Радзімы…
Анціпарук Вікторыя, лаўрэат намінацыі «Расказ аб малой Радзіме»